Вы тут

Пяцёра мігрантаў з Афганістана дамагліся праз ЕСПЧ права застацца ў Літве

У часовым лагеры для мігрантаў у Літве / Reuters​

Улады Літвы спрабуюць знайсці нелегальных мігрантаў, якія звярнуліся Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) і дамагліся часовага права застацца на тэрыторыі краіны, паведамляе ТАСС.

"Перш за ўсё перад намі стаіць задача высветліць, ці сапраўды гэтыя асобы знаходзяцца ў Літве", — заявіла міністр юстыцыі краіны Эвеліна Дабравольска.

Не выключана, што яны могуць быць на мяжы паміж краінамі.

Гаворка ідзе пра пяць грамадзян Афганістана, якія нелегальна праніклі ў Літву з тэрыторыі Беларусі, а затым звярнуліся ў ЕСПЧ з просьбай не дапусціць іх высылкі назад у Беларусь. Заяўнікі расказалі, што беглі з Афганістана, бо вядуць "заходні" лад жыцця і маюць адукацыю, таму цяпер на радзіме могуць трапіць пад рэпрэсіі.

"Суд вырашыў <...> указаць ураду Літвы, што заяўнікі не павінныя высылацца ў Беларусь пры ўмове, што яны ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Літвы", — гаворыцца ў пастанове ЕСПЧ. Абарона ў дачыненні да гэтых грамадзян уведзеная да 29 верасня.

Літва, Латвія і Польшча ў апошнія месяцы сутыкнуліся з вялікім патокам нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у гэтыя краіны з тэрыторыі Беларусі. Улады гэтых краін вымушаныя былі ўвесці на мяжы надзвычайнае становішча. У ЕС мяркуюць, што міграцыйны крызіс мае штучны характар і да яго стварэння датычныя беларускія ўлады. 8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі абвясціла дэмарш беларускаму МЗС "у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў Еўрапейскі саюз" і настойліва папрасіла "ўлады Беларусі спыніць гэтую практыку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.