На Алімпіяду адмовіліся ехаць 5 беларускіх барцоў, якія прайшлі кваліфікацыю
Абубакар Хаслаханаў
Ад удзелу ў Алімпядзе адмовіліся пяцёра беларускіх барцоў, якія атрымалі адпаведныя ліцэнзіі і прайшлі ўсе неабходныя праверкі для атрымання нейтральнага статусу. Пра гэта паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці са спасылкай на Міжнародны Алімпійскі камітэт.
Гэта Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысціна Сазыкіна.
Кваліфікацыю на Алімпіяду-2024 атрымалі дзесяць барцоў. Але МАК у нейтральным статусе дапусціў толькі шасцярых. І толькі адзін з іх не адмовіўся ад удзелу — Абубакар Хаслаханаў, ураджэнец Дагестана, які з шасці гадоў жыве ў Беларусі.
Беларуская федэрацыя барацьбы разам з НАК настойвала, каб да Гульняў у Парыжы дапусцілі лідараў зборнай (Ванэсу Каладзінскую, Ірыну Курачкіну, Магамедхабіба Кадымагамедава, Аляксандра Гуштына, Паўла Глінчука і Вераніку Іванову). Аднак яны допуску не атрымалі.
Раней МАК абнавіў спіс нейтральных атлетаў, якія могуць браць удзел у Аліпіядзе. Сярод іх 17 спартоўцаў з беларускімі пашпартамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.