Пяцярым мінскім студэнтам будуць плаціць стыпендыю Чапскага

Стыпендыю імя Караля Чапскага ўпершыню ўручылі пяцярым мінскім студэнтам. Цырымонія ўручэння прайшла ўчора ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, інфармуе БЕЛТА. Стыпендыятамі сталі фіналісты студэнцкага праекта “Мінская змена” — Мікіта Дубко, Дзмітрый Буйноўскі, Аляксандр Рагулін, Мікалай Багамякаў і Ілля Рокач. Цягам паўгода яны будуць атрымліваць кожны месяц прыбаўку да сваёй стандартнай стыпендыі ў памеры 600 тысяч рублёў.

Такую форму ўхвалы ініцыятыўных студэнтаў будуць практыкаваць кожны год. Стыпендыю імя Чапскага будуць атрымліваць аўтары сацыяльна значных праектаў, якія зрабілі жыццё ў беларускай сталіцы больш камфортным. Гэтыя праекты распрацоўваюцца ў рамках ініцыятывы “Мінская змена”, якая існуе ўжо восем гадоў. За гэты час студэнты распрацавалі болей за 50 праектаў, палова з якіх была ўвасобленая ў жыццё.

Імянную стыпендыю для найлепшых удзельнікаў “Мінскай змены” спансіруе півавараная кампанія “Аліварыя”. Сёлета спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння знакамітага гарадскога галавы Караля Чапскага, які ў свой час зрабіў велізарны ўнёсак у добраўпарадкаванне Мінска і наблізіў стандарты жыцця ў ім да еўрапейскіх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі