Пяцізоркавыя гатэлі ў Мінску будуюць да Чэмпіянату Свету па хакеі?

У Мінску распачалося будаўніцтва адразу шасці прэстыжных гатэляў. Гэта ніяк не вырашае праблемы недахопу гасцініц для замежных турыстаў. “Пяцізоркавікі”, верагодна, патрэбныя для таго, каб атрымаць дазвол на правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі.
Нагадаем, што федэрацыя хакея Беларусі ў чарговы раз падала заяўку на правядзенне чэмпіянату свету ў нашай краіне. Але каб атрымаць дазвол, спачатку трэба пабудаваць гатэлі адпаведнага ўзроўню. Дакладных патрабаванняў наконт іх колькасці няма, але жыллём давядзецца забяспечыць і ўдзельнікаў, і фундатараў, і чальцоў міжнароднай федэрацыі, распавяла Еўрарадыё прэс-сакратар Федэрацыя хакея Беларусі Канстанцыя Лешчанка:

“Жорсткіх нейкіх такіх патрабаванняў па колькасці няма. У Міжнароднай федэрацыі хакея ёсць пэўныя мінімальныя запатрабаванні. Павінна быць гасцініца для чальцоў міжнароднай федэрацыі хакея, павінна быць гасцініца для прадстаўнікоў генеральнага фундатара, павінна быць гасцініца для каманд і суддзяў. І ўсё”.

Па словах прэс-сакратара федэрацыі, чым больш пабудуць гатэляў, тым лепш. А для чальцоў Міжнароднай федэрацыі хакея і генеральнага фундатара гасцініцы, натуральна, павінны быць толькі пяцізоркавыя:

“Вядома, чым больш іх будзе, тым больш салідна будзе выглядаць наша заяўка. Натуральна, што гатэль для чальцоў Міжнароднай федэрацыі хакея і генеральнага фундатара – гэта павінна быць 5 зорак”.

Толькі ўдзельнікаў чэмпіянату будзе дванаццаць каманд, мінімум па 30 чалавек... На іх усіх у Мінску пакуль толькі адзін “пяцізоркавік” – Еўропа. Еўрарадыё патэлефанавала ў гатэль, каб забраніраваць нумары для дэлегацыі з 10 чалавек. Бліжэйшая дата, на якое нам удалося гэта зрабіць было 23 траўня. На недахоп нумароў скардзяцца і ў чатырохзоркавай гасцініцы “Вікторыя”:

“Запаўняльнасць вельмі добрая. У нас практычна кожны дзень – мінус 10, мінус 15. Мы не можам задаволіць у поўным аб’ёме ўсе патрабаванні”.

Усяго ў “Вікторыі” 169 нумароў. Канкурэнцыі з боку новых шыкоўных гатэляў там не баяцца і не спадзяюцца, што ў хуткім часе з’явяцца канкурэнты:

“Мы гатовыя перамагчы ў любой канкурэнцыі. Пажывем, пабачым. Гэта яшчэ не хутка будзе”.

Цікава, што пакуль у Мінску будуюцца VIP-гатэлі, турысты ў Беларусь па-ранейшаму не едуць... З-за недахопу турыстычнага жылля. Распавядае супрацоўнік турфірмы “Топ-Тур” Кірыл:

“Не хапае гатэляў турыстычнага класу. Гэта 2-3 зоркі. Дзвюхзоркавых у нас увогуле практычна няма. Гэта альбо гатэлі без зорак, у зусім жахлівым становішчы, альбо нейкія прыватныя маленькія гатэлі, якія не могуць размясціць вялікай колькасці чалавек.

Трохзоркавыя гатэлі, яны ёсць, але паколькі сталіца становіцца ўсё больш папулярным месцам, праводзяцца розныя канферэнцыі, спаборніцтвы і інш., то яны канешне змясціць усіх не могуць. Таму, калі людзі загадзя не забраніравалі нумар, то ім цяжка што-небудзь падабраць”.

Па словах Кірыла, недахоп гатэляў турыстычнага класа – гэта адна з асноўных праблемаў, якую трэба вырашаць у першую чаргу:

“Цяпер будуюцца ў асноўным 5-зоркавыя, чатырох... Гэта канешне файна, але не ведаю, як яны іх будуць запаўняць...”

Калі мы ўсё ж такі атрымаем дазвол на правядзенне чэмпіянату свету ў Беларусі, то ўсе прэстыжныя гатэлі будуць занятыя ўдзельнікамі. А яшчэ ж застаюцца заўзятары. Куды будуць засяляць іх, калі жылля не хапае нават для звычайных турыстаў? Незразумела і тое, што будуць інвестары рабіць з нумарамі, якія хутчэй за ўсё апусцеюць пасля чэмпіянату...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі