Прэзідэнт Літвы крытыкуе Захад за недастатковую падтрымку Беларусі

Прэзідэнт Літвы крытыкуе Захад за недастатковую падтрымку Беларусі

Еўрасаюзу варта ўвесці санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пачаць абмеркаванне эканамічнай дапамогі для Беларусі пасля "эры Лукашэнкі". Пра гэта заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Ён раскрытыкаваў тое, што ЕС яшчэ не ўвёў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. "Сёння ў нас сітуацыя, калі і іншыя буйныя дзяржавы свету яшчэ толькі думаюць аб увядзенні санкцый — ЗША, Злучанае Каралеўства. Між тым балтыйскія дзяржавы паказалі добры прыклад, увёўшы не толькі нацыянальны спіс санкцый, але і ўключыўшы ў гэты спіс і самога спадара Лукашэнку. Спіс без спадара Лукашэнкі, напэўна, варты толькі ўсмешкі, таму што ўсе мы выдатна разумеем, што людзі з гэтага спісу не з'яўляюцца самастойнымі выканаўцамі і ад іх нямногае залежыць ва ўнутраным жыцці Беларусі", — перадае ru.delfi.lt словы Наўседы. 

Ён дадаў, што краіны ЕС могуць увесці нацыянальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Аднак, на яго думку, як супольнасць Еўрасаюз будзе дзейнічаць больш эфектыўна. 

Наўседа ўсклаў на Лукашэнку адказнасць за тое, што беларуская эканоміка стала залежнай ад Расіі. Па яго словах, беларускі кіраўнік больш не можа балансаваць паміж Усходам і Захадам і вымушаны паддацца націску Уладзіміра Пуціна. "А інтэнцыі Пуціна цалкам зразумелыя — завяршыць тую працу, якую ён намячаў завяршыць, мабыць, больш за 20 гадоў таму — гэта значыць, цалкам аб'яднаць дзве дзяржавы ў адзінае цэлае. І сёння ў Лукашэнкі, у цяперашніх абставінах, вельмі мала рычагоў, каб выстаяць пад гэтым інтэграцыйным ціскам", — мяркуе літоўскі прэзідэнт.

Захад, на яго думку, можа дапамагчы падтрымкай грамадзянскай супольнасці Беларусі. Ён заклікаў прызнаць Святлану Ціханоўскую нацыянальным лідарам Беларусі. (Напярэдадні сейм Літвы прызнаў Ціханоўскую абраным лідарам Беларусі, а Лукашэнку — нелегітымным кіраўніком.)

Таксама Наўседа прапанаваў абмеркаваць у ЕС эканамічную падтрымку Беларусі па завяршэнні "эры Лукашэнкі".

"Сёння мы павінны пра гэта дыскутаваць. Таму я адзначаю недастатковую ролю Захаду і прапанаваў бы браць прыклад з дзяржаў рэгіёну, якія дэманструюць лідарства ў гэтым пытанні", — заявіў літоўскі прэзідэнт.

Літва, Латвія і Эстонія першымі ўвялі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. У кожны нацыянальны спіс увайшлі па 30 чалавек, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка. У "чорны спіс" ЕС Лукашэнка, як паведамлялася, не ўвайшоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі