Прэзентацыя: “На краі” — першы сінгл ад “Harotnicy”

Музыкі гурта правялі лета ў студыі “Осмос” і перад будучым больш маштабным рэлізам прэзентуюць першую песню. Як патлумачыў Еўрарадыё Андрусь Такінданг, у запісе кампазіцыі “На краі” удзельнічалі не ўсе музыкі “Harotnicy”. Песня ў пэўным сэнсе зусім свежая ― на канцэртах выконвалася ўсяго некалькі разоў, таму “не на слыху тых, хто звычайна ходзіць на “Harotnicu””.

“Мы вырашылі мінімалістычна падысці да стварэння песні. Гэта лірычная і не зусім характэрная для нашай маргінальнай весялосці кампазіцыя. Таму яна і самім нам пакуль што цікавая, як слухачам, а не толькі як музыкантам, якія яе стваралі. Тым больш, што гэтая песня-расповед”.

 

А распавядаюць у “На краі” пра розныя спосабы… суіцыду! Варыянтаў шмат: ад іржавага ляза ў ваннай да рулі паляўнічай стрэльбы ў горла. Андрусь, жартуючы кажа, што выбар за слухачамі, а вось свой музыкі ўжо зрабілі. Натуральна, “па-гаротнаму” маргінальна-вясёлы! Які? Адказ — у песні!

Гучанне кампазіцыі адпавядае агульнаму гучанню калектыву і цяперашняму саўнду “Harotnicy”, крыху адрознаму ад таго, да якога прызвычаіўся слухач, папярэджвае Андрусь. Музыкі спадзяюцца, што такімі эксперыментамі не расчаруюць свайго слухача і прывабяць новага. Цяпер гурт разважае над фарматам пласцінкі — матэрыялу запісалі шмат, таму цалкам магчыма, што запланаваны ЕР перарасце ў паўнавартасны альбом. Абмяжоўваць сябе тэрмінамі выхаду музыкі не хочуць, але абяцаюць выдаць дэбютнік як мага хутчэй.

“Галоўнае, не перамарынаваць слухача! Таму абяцаем не цягнуць з выданнем альбома, — смяецца Андрусь. — Дарэчы, у яго ўвойдзе і англамоўная кампазіцыя, трэба ж здзіўляць слухача! Чым мы і будзем займацца!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі