Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “Без Даты” мінчан U.G.Oslavia (слухаць)

Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “Без Даты” мінчан U.G.Oslavia (слухаць)

Мінскі гурт U.G.Oslavia прэзентуе на Еўрарадыё другі студыйны альбом, які атрымаў назву “Без Даты”.

“Гэты альбом пісаў і прыдумляў цалкам іншы склад музыкаў, гітарыстаў за год мы ўвогуле безліч памянялі пакуль знайшлі свайго, — каментуе лідарка гурта Юля Багаслаўская. — Хлопцы і ў жыцці адчайныя, так бы мовіць на адной хвалі са мной, і ў музыцы такія ж. А ўлічваючы, што я пішу мелодыі, то гэта вельмі важна, якія музыкі вакол, бо на іх кладуцца аранжыроўкі і яны задаюць гэтую гарманічную хвалю. Таму альбом атрымаўся, як і першы, разнамасны, але больш такі тлусты і драйвовы”.

Юля дадае, што цяпер больш упэўнена стаіць на нагах, а таму лепш ведае, што хоча сказаць і не саромеецца гэтага рабіць. Што, на думку дзяўчыны, шмат каму вельмі не падабаецца.

Альбом “Без Даты” цалкам запісаны на грошы, сабраныя з дапамогай краўдфандынгу на расійскай пляцоўцы Planeta.ru. Акты народнага фінансавання адбываліся акурат падчас рэзкіх падзенняў курсаў, таму ў выніку назбіралася 1500 долараў. Але музыкам на выданне дыску гэтага хапіла.

“З’явілася куча добрых людзей, з якімі мы пазнаёміліся праз краўдфандынг, і самых нечаканых, — з усмешкай кажа лідарка U.G.Oslavia. — Напрыклад,адзін мужчына з Германіі набыў у нас канцэрт. Мы так з ім дамовіліся, што калі ён будзе ў Мінску, а ён часта сюды прыязджае, то паведаміць нам за тыдні тры, і нам трэба будзе зладзіць выступ. Але не ўласна для яго, бо яму такі пафас не патрэбны, а проста звычайны выступ, каб ён мог прыйсці”.

Звядзеннем альбома займаўся Канстанцін Пыжоў. Па словах музыкаў, даўся дыск яму не вельмі лёгка “праз нетыповую музыку і вакал”. Але вынікам усе засталіся задаволеныя. Дыскі будуць прадавацца падчас канцэртаў U.G.Oslavia, а паслухаць альбом пакуль можна ў інтэрнэце. Што праўда, музыкі закрылі доступ для бясплатнага спампоўвання, але не забараняюць шукаць абыходныя шляхі.

Канцэртная прэзентацыя адбудзецца 18 кастрычніка ў сталічным клубе TNT.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі