Прэс-сакратар Пуціна: спадзяемся, што затрыманых у Беларусі расіян адпусцяць

Прэс-сакратар Пуціна: спадзяемся, што затрыманых у Беларусі расіян адпусцяць

Кіраўніцтва Расіі чакае, што затрыманыя 29 ліпеня ў Беларусі больш за тры дзясяткі расійскіх грамадзян ўжо ў бліжэйшы час апынуцца на волі. Пра гэта ў пятніцу заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Паводле яго слоў, дагэтуль у Маскве не атрымалі абгрунтаванне затрымання. "Мы спадзяемся, і нават перакананы, што ў самы бліжэйшы час нашы беларускія калегі разбяруцца з гэтым інцыдэнтам і адпусцяць расійскіх грамадзян", цытуе словы Пяскова ТАСС.

У Крамлі занепакоеныя адсутнасцю консульскага доступу да затрыманых. Дзмітрый Пяскоў назваў затрыманне расіян "беспадстаўным". Ён лічыць, што яно не адпавядае саюзніцкім дачыненням краін.

Са слоў Пяскова вядома, што кантактаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пасля згаданага здарэння не было. Неабходныя кантакты адбываюцца па лініі МЗС і пасольства.

Затрыманым прадаставілі адвакатаў. Яны, дарэчы, далі падпіску аб неразгалошванні.

Тым часам Маскву відавочна раздражняюць заявы ўкраінскага боку пра кантакты з Мінскам наконт затрыманых і жаданне Кіева дамагчыся іх экстрадыцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі