Прэс-сакратар МЗС: Спадзяемся, найбліжэйшым часам ЕС адменіць санкцыі
Афіцыйны Мінск спадзяецца, што Еўрасаюз бліжэйшым часам прыме рашэнне пра адмену санкцый супраць прадстаўнікоў Беларусі. Пра гэта на брыфінгу 24 верасня паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
"Санкцыі як інструмент знешняй палітыкі ў дачыненні да любой дзяржавы контрпрадукцыйныя і не спрыяюць дасягненню мэтаў, якія ў іх закладваюцца", — перадае яго словы агенцтва БелаПАН.
Мірончык дадаў, што аднабаковыя санкцыі супярэчаць міжнародным і прававым нормам і прынцыпам, у тым ліку замацаваным ў статуце ААН і Хельсінкскім заключным акце АБСЕ.
"Мы неаднаразова заяўлялі, што рашэнні Еўрапейскага саюза аб увядзенні абмежавальных мер у адносінах да Рэспублікі Беларусь непрымальныя і ў корані памылковыя. Нельга з партнёрам і суседам размаўляць мовай санкцый і ультыматумаў", — дадаў прадстаўнік МЗС.
Нагадаем, што звесткі пра магчымую замарозку санкцый супраць прадстаўнікоў Беларусі з'явіліся яшчэ на мінулым тыдні. Рашэнне павінен прыняць саміт міністраў замежных спраў ЕС. Паводле папярэдніх звестак, санкцыі могуць быць замарожаныя на год.