Вы тут

Праз шматлікія парушэнні давяраць вынікам выбараў-2020 нельга — праваабаронцы

Участак для галасавання / spring96.org

Выбарчы працэс падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі не адпавядаў шэрагу міжнародных стандартаў і суправаджаўся шматлікімі парушэннямі на ўсіх этапах. Такая выснова ўтрымліваецца ў выніковай аналітычным справаздачы, якую апублікавала кампанія незалежнага назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Праваабаронцы нагадваюць пра выключэнне з перадвыбарнай гонкі папулярных кандыдатаў і пра тое, што ўлада актыўна карысталася адміністрацыйным рэсурсам. Кандыдаты не мелі роўнага доступу да СМІ, а выбарчыя камісіі складана назваць бесстароннімі. Былі адзначаныя шматлікія факты прымусу выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання і нядопуск назіральнікаў на ўчасткі.

Незалежнае назіранне за ходам галасавання і падлікам галасоў практычна аказалася сарванае праз рашэнне ЦВК абмежаваць, спаслаўшыся на пандэмію, колькасць назіральнікаў на ўчастках.

"Гэтыя важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста", — адзначаецца ў справаздачы.

Усе гэтыя факты з'яўляюцца істотнымі парушэннямі нацыянальнага заканадаўства і асноватворных прынцыпаў правядзення справядлівых і дэмакратычных выбараў.

Колькасць гэтых істотных парушэнняў, "у тым ліку пазбаўленне назіральнікаў магчымасці бачыць падлік вынікаў галасавання, не дае падставаў давяраць вынікам выбараў, агучаным ЦВК, і лічыць, што яны адлюстроўваюць рэальнае волевыяўленне грамадзян Рэспублікі Беларусь", гаворыцца ў справаздачы праваабаронцаў.

Раней з аглядкай на гэтыя ж парушэнні вынікі беларускіх выбараў прэзідэнта не прызналі краіны ЕС і ЗША. Прызналі вынікі беларускіх выбараў толькі ў краінах СНД, а таксама ў Венесуэле, В'етнаме, на Кубе, у Нікарагуа, Сірыі і Турцыі. Акрамя таго, Аляксандра Лукашэнку з перамогай віншавалі кіраўнікі Расіі і Кітая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.