Праз расійскую мяжу не прапусцілі аўтобус з беларусамі без пашпартоў

Беларусы пакінулі пашпарты ў пасольстве Іспаніі ў РФ у разліку атрымаць візы​ / РИА Новости
Беларусы пакінулі пашпарты ў пасольстве Іспаніі ў РФ у разліку атрымаць візы​ / РИА Новости

Аўтобус з беларускімі турыстамі не змог вярнуцца з Расіі ў РБ, таму што ў пасажыраў не было пашпартоў. Дакументы яны пакінулі ў пасольстве Іспаніі ў РФ у надзеі атрымаць шэнгенскія візы. Гісторыю распавядае беларускі партал навінаў са спасылкай на чытачку, якая апынулася сярод пасажыраў гэтага аўтобуса.

Гэта быў візавы тур. Пасля таго, як у Мінску зачыніўся Іспанскі візавы цэнтр, беларускія турфірмы сталі прапаноўваць паслугу адкрыць візу ў іспанскім пасольстве ў РФ. Кошт тура быў — 440 рублёў з чалавека.

Меркавалася, што людзі пададуць дакументы ў пасольства, вярнуцца ў Беларусь, а затым праз два тыдні змогуць забраць пашпарты з візамі. У турфірме іх запэўнілі, што даведкі, якія ім выдасць дыппрадстаўніцтва, будзе дастаткова для перасячэння расійска-беларускай мяжы. Аднак людзей не выпусцілі з РФ. Аўтобус спрабаваў перасекчы мяжу ў двух розных пунктах пропуску. У абодвух выпадках — беспаспяхова.

Праз мяжу прапусцілі толькі некалькі чалавек, у якіх былі ID-карты — гэтыя людзі перайшлі мяжу пешшу. Астатнюю групу пасля 4-гадзіннага чакання ў начным лесе павезлі ў гасцініцу ў Смаленск.

"Што далей — незразумела. У многіх няма грошай", — распавяла чытачка партала.

Разам з ёй у аўтобусе знаходзіліся каля 40 чалавек. Дамагчыся дапамогі ад турфірмы пакуль не атрымліваецца — высветлілася, што дамову на паслугу ніхто з турыстаў не заключаў.

"Неяк усе радасна рынуліся, хутка заплацілі і паехалі. Толькі цяпер усе апамяталіся", — адзначыла жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі