Вы тут

Праз два месяцы блакады прыйшоў ліст Паліны Шарэнды-Панасюк да сына

Паліна Шарэнда-Панасюк / facebook.com/Andrei.Sharenda

Праз два месяцы блакады сваякі атрымалі ліст ад палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Пра гэта ў сацсетках напісаў яе муж Андрэй.

Ліст адрасаваны іх старэйшаму сыну Славаміру.

"Прывітанне, мой любы і дарагі сыночак, гэта мама. Пакуль не магу абняць цябе так моцна і горача як хачу, але спадзяюся неўзабаве гэта зрабіць. Ты нарэшце перарос мяне, буду цяпер глядзець на цябе знізу ўгару, а не наадварот. Нязвыкла, але я ганаруся, што ў мяне ты такі вырас, Славамір", — цытуе Андрэй Шарэнда пачатак ліста.

Паліна Шарэнда-Панасюк зараз знаходзіцца ў ПКТ (памяшканьнне камернага тыпу) да 18 сакавіка. Ёй забароненыя ўсе віды перадач і пасылак, закупы ў турэмнай краме. Пасля гэтага яе чакае этап на Магілёў у "крытую" турму. 

Па словах мужа, днямі да палітзняволенай змог трапіць адвакат. "Нягледзячы ні на што, яна трымаецца, спрабуе жартаваць і перадае ўсім, хто ёй піша і хвалюецца за яе, вялікае "Прывітанне" і "Жыве Беларусь!" — піша Андрэй Шарэнда. 

Паліна Шарэнда-Панасюк асуджаная на два гады пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай ва ўжыванні гвалтаў супраць міліцыянтаў і абразе іх, а таксама абразе прэзідэнта. На судзе жанчына выступіла з бліскучай абвінаваўчай прамовай супраць рэжыму. 

Яе муж разам з дзецьмі быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай крымінальнай справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.