Праваабаронцы прызналі яшчэ аднаго беларуса палітвязнем

Праваабаронцы прызналі яшчэ аднаго беларуса палітвязнем

Правабаронцы прызналі палітвязнем мінчука Уладзіслава Гуліса, якога судзяць за надпіс "Не забудзем!", зроблены каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага

Раней праваабаронцы прызналі палітвязнямі двух іншых фігурантаў гэтай справы — Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку. Іх вінавацяць у злосным хуліганстве і пашкоджанні маёмасці ў асабліва буйным памеры. 

На судзе 1 снежня, аднак, прадстаўнік "Гаррамаўтадару" знізіў ацэнку шкоды ў 40 разоў — з 10 182 рублёў да 256 рублёў. Гэта здымае з іх абвінавачанне ў пашкоджанні маёмасці ў асабліва буйным памеры. 

Праваабаронцы лічаць, што судовы працэс мае палітычны характар. 

"Напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства. 

Змест надпісу, месца, у якім ён быў зроблены (месца забойства супрацоўнікамі міліцыі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага), у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх трох месяцаў, сведчаць аб тым, што матывам яго нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.

Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў на сайце "Вясна".

Правабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты Гуліса і спыніць яго крымінальны пераслед. Таксама яны патрабуюць вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. 

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва", Беларускі Дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі ПЭН-цэнтр, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

На сёння ў Беларусі налічваецца 147 палітвязняў. Поўны спіс можна паглядзець тут

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі