Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Андрэя Коласа (асуджаны на тры гады абмежавання волі судом Маскоўскага раёна Брэста) і Яўгена Зялкоўскага (асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі судом Цэнтральнага раёна Гомеля.)

Коласа асудзілі за хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК): ён рабіў пудзіла з тварам Лукашэнкі і прымацаваў да яго паперы з надпісамі “скраў галасы” і “асудзіў невінаватых”. Пудзіла было вывешанае каля Варшаўскай шашы ў Брэце. 

Праваабаронцы адзначаюць, што акцыя мела пратэсны змест і такая форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Яўгена Зялкоўскага судзілі за пакінутыя ў бязлюдных месцах бел-чырвона-белыя сцягі са скрынкамі, якія, на думку следства, можна было прыняць за выбуховыя прылады. У скрынках былі карыкатуры на АМАПаўцаў і петарда без змесціва. 

"Дзеянні абвінавачанага насілі выключна пратэсны характар і з’яўляліся выказванннем меркавання аўтара на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і не былі цынічнага ці абразлівага зместу, не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў, не насілі грамадска небяспечны характар. Трэба адзначыць, што асуджаны не заяўляў аб намеры здзейсніць нейкія грамадска небяспечныя дзеянні, а таксама не прадпрымаў дзеянняў, скіраваных на заведама ложны выклік спецслужбаў, якія можна было б разглядаць як здзейсненыя з хуліганскіх матываў і памкненняў",адзначаюць праваабаронцы.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Коласа і Зялкоўскага ды спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", "Ініцыятыва FORB", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На сёння ў Беларусі статус палітвязня маюць 480 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі