Праваабаронцы прызналі анархістаў Комара і Емяльянава палітвязнямі

Праваабаронцы прызналі анархістаў Комара і Емяльянава палітвязнямі

Сем праваабарончых арганізацыяў Беларусі прызналі палітвязнямі асуджаных анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара, піша праваабарончы сайт "Вясна".

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду іх судовай справы. Пад сумеснай заявай падпісаліся незарэгістраваны праваабарончы цэнтр “Вясна”, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”, РГА “Прававая ініцыятыва”, установа "Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта", праваабарончая ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend".

Як паведамлялася раней, Емяльянаў і Комар былі асуджаныя на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожны. У судзе фігураваў напад на будынак Мінгарсуда (яго закідалі лямпачкамі з фарбай) і два напады на СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску (туды былі кінутыя два кактэйлі Молатава, першы раз беспаспяхова). Шкода будынку суда была кампенсаваная (больш за 140 рублёў), шкода будынку СІЗА склала 1,48 рубля. 

Емяльянаў свой удзел ва ўсіх акцыях не адмаўляў. Комар заявіў, што актыўнага ўдзелу ў нападах не прымаў. Таксама ён паведаміў пра жорсткае абыходжанне і ціск на яго з мэтай напісання яўкі з павіннай.

"У дачыненні да заявы Івана Комара пра ўжыванне псіхалагічнага і фізічнага ціску належнага расследавання не зроблена. Суд не прыпыніў разгляд справы для высвятлення абставінаў жорсткага абыходжання па заяве Комара. Пры такіх абставінах дакладнасць і дапушчальнасць тых доказаў, якія былі атрыманыя па выніках допытаў абвінавачанага, а затым леглі ў аснову абвінаваўчага прысуду, выклікаюць сумнеў", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны лічаць, што беларускі суд парушыў артыкулы 7, 19 і 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. На думку праваабаронцаў, пакаранне анархістам было празмерна жорсткім і непрапарцыйным зробленаму. Таксама праваабаронцы лічаць, што пакаранне звязнае з поглядамі і перакананнямі хлопцаў.

У сувязі з гэтым яны прызналі Емяльянава і Комара палітвязнямі. 

"Лічым неабходным патрабаваць для Мікіты Емяльянава і Івана Комара неадкладнага перагляду прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі