Праваабаронцы патрабуюць вызваліць затрыманых па "справе патрыётаў"

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць затрыманых па "справе патрыётаў"

Прадстаўнікі грамадскіх праваабарончых арганізацыяў выступілі з адкрытым зваротам да беларускай праваахоўнай сістэмы па "справе патрыётаў". Пад заявай падпісаліся Праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”, РГА “Прававая ініцыятыва”.

Нагодай сталі прызнанні нядаўна выпушчанага з-за кратаў апазіцыянера Сяргея Кунцэвіча, які заявіў, што ў будынку КДБ яго катавалі. 

Правабаронцы адзначаюць, што ў сувязі з гэтымі прызнаннямі выклікае занепакоенасць становішча іншых чатырнаццаці затрыманых па "справе патрыётаў". Праваабаронцы падкрэсліваюць, што свабода ад катаванняў з’яўляецца абсалютным правам і не падлягае ніякім абмежаванням нават ва ўмовах вайсковых канфліктаў і надзвычайнага становішча. 

"Нагадваем, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці даказвання", — гаворыцца ў звароце, які публікуе сайт "Вясна".

Праваабаронцы патрабуюць, каб Генпракуратура і Следчы камітэт правялі аб'ектыўную праверку агучаных Кунцэвічам звестак і прыцягнулі вінаватых да крымінальнай адказнасці. 14 чалавек, затрыманых па "справе патрыётаў", прапануецца неадкладна вызваліць з-пад варты, каб прадухіліць магчымыя катаванні. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі