Вы тут

Праваабаронцы назвалі імёны яшчэ 2 "памілаваных" з 13

"Памілаваныя" палітвязні Аляксандр Баброў і Аляксей Коршун. 

Праваабаронцы даведаліся імёны яшчэ двух палітвязней з ліку тых, каго "памілаваў" Аляксандр Лукашэнка, паведамляе ТГ-канал "Вясна".

Гэта палітвязні Аляксандр Баброў і Аляксей Коршун. 

Баброў раней працаваў на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне, ён актывіст забастоўкі.

17 жніўня Аляксандр на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў разам з іншымі працаўнікамі перакрыў дарогу для тэхналагічнага транспарту на заводзе.

Была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Першага лютага суд пакараў Баброва 2,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. У зняволенні палітвязень знаходзіўся амаль 8,5 месяцаў, большасць з якіх сядзеў у папраўчай калоніі № 13. Яго маці паведамілі, што сёння Баброва вызваляць з калоніі.

Коршун — жыхар Оршы, які быў затрыманы 31 сакавіка.

Праваабаронцам вядома, што Аляксея асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму за каментары ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" па арт. 130 Крымінальнага кодэксу ("Распальванне сацыяльнай варожасці"). Па словах сваякоў, Аляксей таксама сёння быў памілаваны. 

Такім чынам застаюцца невядомымі імёны яшчэ двух памілаваных. Раней "Еўрарадыё" пералічыла імёны 9 "памілаваных" з 13.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.