Вы тут

Праваабаронцу Таццяну Гацуру-Яворскую прызналі палітзняволенай

Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё

Праваабаронцы Беларусі прызналі палітзняволенай кіраўніцу арганізацыі "Звяно" Таццяну Гацуру-Яворскую, гаворыцца ў заяве на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра. Яна была адной з арганізатарак выставы "Машына дыхае, а я — не", прысвечанай барацьбе беларускіх медыкаў з COVID-19. Улады зачынілі выставу праз пару дзён пасля пачатку працы.

6 красавіка дома і на лецішчы Таццяны адбыліся ператрусы. Былі затрыманыя Гацура-Яворская, а таксама чатыры чалавекі, якія маюць дачыненне да выставы "Машына дыхае, а я — не". Спярша іх асудзілі па адміністрацыйнай справе, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Таццяну Гацуру-Яворскую аштрафавалі (50 базавых велічынь), але з ІЧУ не адпусцілі, а перавезлі ў СІЗА на Валадарскага: на яе пачалі крымінальную справу. Сутнасць абвінавачання і артыкул, па якім пачалі справу, невядомыя. 

Праваабаронцы лічаць пераслед Гацуры-Яворскай палітычна матываваным і скіраваным на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці па абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Гацуру-Яворскую і спыніць яе крымінальны пераслед. Таксама яны патрабуюць спаніць пераслед і ціск на ўсіх парваабаронцаў Беларусі і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Акрамя таго, падпісанты заявы патрабуюць ад уладаў "выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў у дачыненні да забеспячэння гарантый ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці і прыняцця для гэтага ўсіх неабходных мер".

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр " Вясна” (зачынены ўладамі), цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), РГА "Прававая ініцыятыва”, экспертна-прававое Таварыства "Ініцыятыва FORB“, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр”, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.