Праваабаронцам стала вядома пра ціск на палітзняволеных гомельскай калоніі

Жаночая калонія ў Гомелі / imenamag.by
Жаночая калонія ў Гомелі / imenamag.by

Пра новыя выпадкі рэпрэсій і бесчалавечнае стаўленне адміністрацыі Гомельскай жаночай калоніі да зняволеных стала вядома праваабаронцам. "Калі такі прэсінг будзе працягвацца, мы так доўга не вытрымаем", — прыводзяць яны словы адной са зняволеных. Іншая зняволеная расказала, што Марыю Калеснікаву "нават у прыбіральню на працы водзяць пад суправаджэннем". Пры гэтым "яна вельмі худая, гэта відаць нават у фуфайцы, але ўсміхаецца і не губляе пазітыўны настрой". Нагадаем, Марыю Калеснікаву асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавачвалі паводле трох артыкулаў КК: у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч.1 арт. 357), "закліках да санкцый" (ч. 3 арт. 361) і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (ч. 1 арт. 361-1).

Ёсць навіны і пра Алену Яфрэменка. У лістападзе мінулага года яе судзілі паводле чатырох "палітычных" артыкулаў: за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалт у дачыненні да службовай асобы. Цяпер яна хворая, расказвае суразмоўца праваабаронцаў. "Яна ў вельмі цяжкім стане. Ёй не аказваецца меддапамога, усё надзвычай дрэнна. Тэмпература пад 40, трызніць, праблемы з суставамі, пачаўся абсцэс, а яе нават у санчастку не прызначылі. Зняволеныя самі яе туды аднеслі", — адзначыла жанчына. Паводле яе слоў, падставай для ціску на зняволеным можа нават "няправільны погляд" або расшпілены гузік на форме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі