Прапусціў лекцыю — плаці ў касу!

Такая мера становіцца папулярнай у беларускіх ВНУ У Гродзенскім педагагічным універсітэце ўвядуць платныя адпрацоўкі. За грошы студэнтам прыйдзецца адпрацоўваць не толькі прапушчаныя семінары. Трэба будзе плаціць нават за адпрацоўку звычайных лекцый.

Такая сістэма ўжо год працуе яшчэ ў адной ВНУ Гродна — у аграрным універсітэце. Там адпрацоўка кожнага пропуску каштуе нядорага — трохі больш за 4 тысячы рублёў. Але па словах прарэктара па навучальнай рабоце Леаніда Жучко, гэта прымусіла студэнтаў наведваць пары.

Леанід Жучко: "Гэта карэнным чынам змяніла наведвальнасць. Цяпер амаль усе студэнты на занятках. Няма толькі тых, хто адсутнічае па паважнай прычыне. Калі захварэў  студэнт, ці куды-небудзь адпрошваецца — на вяселле ці на падобнае мерапрыемства, напрыклад".

У педагагічным універсітэце пакуль яшчэ не ўвялі плату за адпрацоўкі, але яна будзе ўведзеная ў гэтым годзе, распавёў Еўрарадыё намеснік дэкана факультэта  фізічнай культуры Валер Сухецкі.

Валер Сухецкі: "Загад пайшоў ужо. Таму платныя адпрацоўкі будуць — сто працэнтаў. Але пакуль усё будзе дапрацоўвацца ў вучэбным аддзеле".

Але студэнты ўжо спужаліся. Ды так, што ў аўдыторыях перастала хапаць месца ўсім, хто выказаў жаданне нарэшце з'явіцца на лекцыі.

Валер Сухецкі: "У нас на факультэце, калі студэнты пачулі, што будуць платныя адпрацоўкі яны пачалі хадзіць на ўсе заняткі".

Як высветлілася, падобная мера ёсць у многіх ВНУ, але там яна датычыцца толькі пераздачы экзаменаў і залікаў ды зрэдку — адпрацовак семінараў.

Так, напрыклад, у магілёўскім Беларуска-Расійскім універсітэце хацелі ўвесці і платныя адпрацоўкі лекцый, але да справы так і не дайшло. А ў Магілёўскім  педагагічным увялі. Але, па словах саміх выкладчыкаў, гэтым ніхто не карыстаецца.

Еўрарадыё патэлефанавала выкладчыку гісторыі спадару Аляксандру падчас лекцыі. Таму ён шэптам патлумачыў, што сам ніколі не адпраўляў студэнтаў за грошы  адпрацоўваць лекцыі.

Выкладчык гісторыі: "Іх практычна не ўжывае ніхто. Вельмі рэдка. Адзінае, што платнае рэальна — гэта пераздачы экзаменаў і залікаў".

Студэнты педунівера кажуць, што мера не дзейнічае перш за ўсё таму, што выкладчыкам самім гэта не патрэбна. Адпрацоўка лекцыі каштуе 5-7 тысяч, а ім з гэтага ідзе толькі 10 адсоткаў. Тым больш, што трэба шукаць дзірку ў сваім раскладзе і вольную аўдыторыю. Ужываюць меры толькі да тых студэнтаў, хто  паў-семестра не хадзіў.

Вось што рэальна прыносіць прыбытак універу — дык гэта платныя пераздачы. Напрыклад, на платную пераздачу адпраўляюць палову курса — у выніку за грошы ўсе здаюць  нармальна.

"А з пераздачамі весялей, — кажа студэнт-платнік Дзяніс. — У мінулую зімовую сесію было 40 платных пераздач. Пераздалі ўсе! Гэта яшчэ адзін артыкул заробку,  а не метадычная мера ўплыву на студэнтаў. Бо калі б людзі рэальна не маглі здаць першы раз, таму што тупыя, то на пераздачы хоць хто-небудзь ды праляцеў, а здаюць усе".

Не здаў — аплачваеш праз банк ад 5 да 20 тысяч. Сума залежыць ад ВНУ і таго, што пераздаеш — залік ці экзамен. Потым разам з квітанцыяй ідзеш на пераздачу.

Такое практыкуецца ва многіх ВНУ. А вось плата за пропускі лекцыяў дакладна ўжо ёсць у мінскім Медуніверы і гродзенскім Аграрным.

А як у вас? Пішыце ў  каментарах на сайце Еўрарадыё.


Фота: podrobnosti.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі