Прамы рэпартаж з Кастрычніцкай плошчы

Моладзевыя актывісты вырашылі ўзгадаць 19 сакавіка мінулага года, дзень прэзідэнцкіх выбараў, і сабраліся ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы. Там прысутнічае і наш карэспандэнт Зміцер Траўчук.
- Зміцер, раскажы, калі ласка, дзе ты цяпер знаходзішся і што там адбываецца?

- Я цяпер на Кастрычніцкай плошчы, празванай мінулай вясной плошчай
Каліноўскага. Тут сабралося каля 40 актывістаў, у асноўным з “Маладога
фронту”, каб узгадаць падзеі 19 сакавіка мінулага года, мітынг, які
адбыўся пасля прэзідэнцкіх выбараў.

- Што яны цяпер робяць?

- Ходзяць з двума бел-чырвона-белымі сцягамі. Скандуюць “Жыве
Беларусь!”, “Застаемся!” Сярод эліты беларускай апазіцыі заўважаны
лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін з чырвоным гваздзіком, адзін з
кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль
Ляўковіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а
таксама кіраўнік аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль
Шумчанка.

- Ці прысутнічаюць на плошчы праваахоўныя органы?

- Так. У форме прадстаўнікоў АМАПу чалавек 10-15. Але большасць
людзей з выразнымі тварамі з навушнікам у адным вуху. Іх нашмат больш,
чалавек 30-40. У метрах 20 знаходзіцца так званая “каробачка” - новы
аўтамабіль МАЗа для перавозкі дэманстрантаў, як гэта высветлілася
летась.

- Яны прымаюць якія-небудзь дзеянні?

- Пакуль не, толькі адзін чалавек з мегафонам загадвае прысутным
разысціся. Працытую: “Тыя, хто застануцца на плошчы, будуць прыцягнутыя
да адказнасці па законе”.

- Які настрой ва ўдзельнікаў акцыі? Колькі яны яшчэ збіраюцца прабыць на плошчы?

- Настрой бадзёры, але іх бяруць у кола, не даюць выйсці, не
дазваляюць павесіць сцяг на слуп. Тут шмат прэсы, а таксама
прадстаўнікі Хельсінскага камітэту.

***

- Зміцер, што там адбываецца, як развіваюцца падзеі?

- Людзі ўзяліся за рукі, АМАПаўцы выціснулі іх з плошчы, павялі па праспекце да цырка, павярнулі на вуліцу Янкі Купалы, зараз мы праходзім па мосце над Свіслаччу. Ідзем, так атрымалася, у бок Амерыканскай амбасады.

- Колькі чалавек прыкладна рухаецца ў гэтым напрамку?

- Разам з прадстаўнікамі прэсы чалавек 100-150.

- Ці кажуць што-небудзь прадстаўнікі АМАПу?

- Пакуль не. Мегафон апошні раз мы чулі на плошчы.

- Яны проста рухаюцца ззаду?

- Не, яны рухаюцца па перыметры. Удзельнікам немагчыма нікуды сысці. Нават мінакі трапляюць у гэтую калону. Нікуды падзецца нельга, а куды мы ідзём, пакуль невядома.

- То бок, удзельнікі акцыі не ведаюць, куды яны будуць рухацца?

- Яны рухаюцца ў тым напрамку, куды ім дазваляюць супрацоўнікі міліцыі.

***

- Зміцер, раскажы, калі ласка, як развіваліся падзеі пасля нашай апошняй размовы?

- Справа ў наступным: дэманстранты ў суправаджэнні журналістаў і прадстаўнікоў міліцыі дайшлі дзесьці да сярэдзіны вуліцы Багдановіча, не даходзячы да рэстарана “Белая вежа”. Пасля гэтага забралі некалькі чалавек - проста завялі ў двары. Што было там далей, невядома. У двары не пускалі. Астатніх людзей проста выціснулі ў розныя бакі. Хтосьці сеў у тралейбус… Вось, дарэчы, толькі што каля мяне праехала тая самая “каробачка”- МАЗ… Астатнія людзі разышліся спакойна. Нікога больш не затрымлівалі.

- А колькі чалавек было затрымана?

- Дакладна невядома, таму што выцягвалі проста з натоўпу. Але калі паглядзець, колькі чалавек пасля засталося, то затрымалі максімум чалавек 10.

- Ці казалі яшчэ што-небудзь прадстаўнікі міліцыі?

- Не, не было ніякіх заклікаў разыходзіцца. Людзі самі павольна разышліся.

- Акцыя ўжо завершаная, так?

- Так. Можна сказаць, што яна доўжылася роўна гадзіну. А 20-й гадзіне пачалася на Кастрычніцкай плошчы і скончылася на вуліцы Багдановіча роўна а 21-й гадзіне.

Фота — photo.bymedia.net