Пракуратура правярае Гомельскі аблвыканкам наконт “непрыняцця мер”

На Гомельшчыне можа ўспыхнуць новы скандал, звязаны з аблвыканкамам. Нагадаем, што мінулай вясной за “злоўжыванне паўнамоцтвамі” ўжо былі затрыманыя намеснікі старшыні Банчук і Трызна. А ўлетку кіраўнік Гомельаблвыканкама Уладзімір Дворнік быў афіцыйна папярэджаны з падачы Аляксандра Лукашэнкі. І вось выспявае новая непрыемнасць, прытым, з ініцыятывы шараговага грамадзяніна, былога супрацоўніка “Гомельліфта” Аляксандра Транкунова.

Мужчына працаваў на ўзгаданым прадпрыемстве майстрам. Ён не паладзіў з начальствам і быў звольнены ў далёкім 2009 годзе. Транкуноў пачаў звяртацца ў суды і дамогся рашэння, што з ім паступілі незаконна. “Гомельліфт” сплаціў Транкунову кампенсацыю і ўзнавіў на ранейшай пасадзе. Праўда, па словах Аляксандра, да працы яго не дапусцілі, і праз нейкі час зноў звольнілі, бо не захацеў пераводзіцца на кантрактную сістэму.

Транкуноў зноў пачаў судзіцца і звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі. На пачатку 2015 года Генпракуратура даручыла пракуратуры Гомельскай вобласці праверыць довады Аляксандра аб злоўжываннях на “Гомельліфце” і непрыняцці службовымі асобамі Гомельаблвыканкама мер, накіраваных на ўзнаўленне законных інтарэсаў грамадзяніна.

У сярэдзіне лютага павінен быць вынесены вердыкт. У адказе Генпракуратуры, які Аляксандр Транкуноў распаўсюдзіў у СМІ, апавядаецца і аб праверцы магчымага факту замаху на забойства яго бацькі. Гэты выпадак “барацьбіт” звязвае са сваёй вайной з “Гомельліфтам” і аблвыканкамам.

“Зараз гэтая пракурорская праверка будзе праводзіцца ў дачыненні да трэцяга падначаленага Уладзіміра Дворніка. Таму што менавіта яго ўпраўленне не выканала ўказанне губернатара і скрыла невыкананне пастановаў суда і іншыя парушэнні”, — лічыць Аляксандр Транкуноў.

Мужчына ўпэўнены, што, нягледзячы на рашэнні суда, органы ўлады не прымаюць меры адміністратыўнага спагнання ў дачыненні да кіраўніцтва “Гомельліфта”. Транкуноў двойчы сустракаўся з кіраўніком Гомельшчыны Уладзімірам Дворнікам і, па яго словах, нават прапаноўваў “нацыяналізаваць “Гомельліфт”, на якім, на яго думку, парушаюць заканадаўства і не выконваюць рашэнні суда. У хуткім часе пасля такога выказвання, кажа Аляксандр, яго бацьку разбілі галаву невядомыя. Таму ён звярнуўся ў СМІ, бо баіцца “фізічнай ліквідацыі” і хоча, каб пра яго выпадак ведала ўся краіна.

Аляксандр апелюе і да адказу з Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента інспекцыі працы. Там сказана, што падчас апошняй праверкі на “Гомельліфце” сапраўды выяўленыя парушэнні, але разабрацца з законнасцю яго звальнення не могуць, бо выйшлі тэрміны даўнасці.

Гомельліфт: “Транкунову ўжо сплацілі сем зарплат. Магчыма, яму хочацца шалёных грошай…”

Звязваемся з гендырэктарам “Гомельліфта” Валерыем Карніенкам, каб распытаць, як дайшло да такога гучнага канфлікту з былым падначаленым.

“Чалавек быў цесляром, потым я яго перавёў у майстры, бо мелася вышэйшая адукацыя. Але ён дрэнна выконваў свае абавязкі, былі вусныя гутаркі пра сур’ёзныя парушэнні. Напрыклад, людзі хадзілі пехам на 16 паверх, бо праца была зробленая несвоечасова, — выказвае сваю пазіцыю гендырэктар “Гомельліфта”. — Затым яго звольнілі. Ён абскардзіў рашэнне ў судзе, хоць я і не быў згодны з рашэннем. Але закон ёсць закон. Яго на працы ўзнавілі. Тады мы прапанавалі перавесці яго на кантракт, таму што ўсе людзі ў нас пераведзеныя на кантракты. Папярэдзілі адпаведна з законам. Ён не пагадзіўся працаваць па кантракце, і мы звольнілі яго адпаведна з працоўным кодэксам”.

Валерый Карняенка канстатуе, што з-за скаргаў Аляксандра Транкунова на прадпрыемстве праводзіліся шматлікія праверкі. Хоць у судах пасля другога звальнення прэтэнзіі былога супрацоўніка адхіляліся. Гендырэктар “Гомельліфта” выказвае здагадкі, што яго былы майстар хоча адначасова нідзе не працаваць і пры гэтым атрымаць вялікія грошы.

“Восенню падчас прыёму губернатар у яго прама спытаўся: “Чаму вы не працуеце, на што жывяце?” Я таксама не ведаю, на што жыве чалавек, якому няма яшчэ 40 гадоў, — абураецца Валерый Карняенка. — Я думаю, калі ён выйграў суд і ўзнавіўся на працы, мы яму выплацілі сярэднюю зарплату за час яго вымушанага прагулу — за сем месяцаў. Можа, хлопец тады і адчуў, што можна пагуляць, а потым ад некага атрымаць шалёныя грошы… На мой погляд, чалавек не жадае працаваць, а жадае псаваць жыццё іншым..”

Гомельаблвыканкам: “Не трэба шукаць таго, што не паклалі ў цёмным пакоі”

У Гомельскім аблвыканкаме звяртаемся да памочніка старшыні Алега Акушкі. Цікавімся пракурорскай праверкай і перадаём прапанову, каб яго начальнік выказаўся Еўрарадыё наконт сітуацыі, якая склалася.

Рашэнні ў дэмакратычнай краіне заўсёды прымае суд, — адказвае на гэта Алег Акушка. — Не трэба шукаць таго, што не паклалі ў цёмным пакоі”.

Еўрарадыё: Але ў Гомельскім аблвыканкаме не так даўно ўжо здараліся скандалы, калі затрымлівалі чыноўнікаў з кіраўніцтва. Гэта прыцягвае дадатковую ўвагу.

Алег Акушка: “Гэта пытанні да службовых асоб, якія палезлі, куды іх не прасілі. Яны за гэта адказваюць. Зразумела, гэтыя асобы дрэнна паўплывалі на імідж улады. Але гэта не азначае, што такіх — 99%. Іх адзінкі з тысяч”.

Такім чынам, у Гомельскім аблвыканкаме нашу прапанову выказацца наконт праверкі не прынялі. Еўрарадыё распавядзе пра развіццё сітуацыі і вынікі пракурорскай праверкі. 

Фота panoramio.by і gomellift.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі