Пракуратура Мінска ўзяла пад варту маці загінулай васьмімесячнай дзяўчынкі

Пракуратура Мінска ўзяла пад варту маці загінулай васьмімесячнай дзяўчынкі

Пракуратура Мінска 30 сакавіка дала санкцыю, каб узяць пад варту 24-гадовую мінчанку, у якой днямі загінула васьмімесячная дачка. Жанчыну падазраюць у заведамым пакіданні ў небяспецы, здзейсненым асобай, якая сама па неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан.

У каментары БелаПАН старшы памочнік пракурора Мінска Наталля Косач распавяла, што жанчыну падазраюць у тым, што 27 сакавіка яна ў нецвярозым стане пакінула сваю васьмімесячнаю дачку ў небяспецы. Дзяўчынка засталася без нагляду ў адным пакоі з сабакам. Па словах Косач, маці "паставіла дзяўчынку ў небяспечны для жыцця і здароўя стан, у выніку чаго сабака нанесла ёй цялесныя пашкоджанні, ад якіх тая памерла на месцы здарэння".

Паведамляецца, што падчас інцыдэнту жанчына не працавала і знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.

Раней паведамлялася, што памерлую дзяўчынку медыкі знайшлі без рукі. У кватэры таксама быў шчанюк хаскі. Аднак ні дзіцячага, ні сабачага харчавання ў кватэры не знайшлося.

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова казала, што на целе дзіцяці былі выяўленыя сляды ўкусаў сабакі.

Намеснік галоўнага лекара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Алег Варабей заявіў, што агрэсія сабакі ў бок дзяўчынкі можа разглядацца толькі як адна з версіяў. "Мы не ведаем, што там адбывалася і якім чынам дзіця пазбавілася рукі. Гэта самая простая версія: ёсць сабака, ёсць дзіця, ёсць смерць. Што было на самай справе, павінны высветліць следчыя органы", — канстатаваў медык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі