Пракуратура: Абсталяванне, закупленае для мадэрнізацыі, прастойвае

Пракуратура: Абсталяванне, закупленае для мадэрнізацыі, прастойвае

Пракуратура Гродзенскай вобласці правяла праверку, наколькі своечасова прадпрыемствы ўводзяць у эксплуатацыю абсталяванне ў рамках дзяржаўных праграм.

Выявілася, што на 23 прамысловых прадпрыемствах вобласці абсталяванне, закупленае за кошт бюджэтных, крэдытных і ўласных сродкаў для мадэрнізацыі вытворчасці, доўгі час не выкарыстоўваецца.

Так, пракурор Мастоўскага раёна ў лютым 2016 года пачаў крымінальную справу за службовую халатнасць на галоўнага інжынера ТАА "Промгазоборудование". Як паведамляе БелаПАН, пры распрацоўцы праекта рэканструкцыі цэха ДСП ААТ "Мастоўдрэў" з устаноўкай абсталявання для вытворчасці драўнянавалакністых пліт" галоўны інжынер у разліках параметраў ацяплення і вентыляцыі цэха дапусціў памылкі. Для іх ліквідацыі прадпрыемства было вымушанае набыць і змантаваць у цэху дадатковыя сістэмы вентыляцыі. Гэта прынесла страты на 1,24 млрд рублёў.

У СВК "Гіркі" (Воранаўскі раён) у чэрвені 2012 года вырашылі будаваць камбікормавы цэх. ТАА "Тэх Тар" паставіла сельгаспрадпрыемству абсталяванне для вытворчасці камбікорму агульным коштам 700,2 млн рублёў, якое калгас аплаціў за кошт уласных сродкаў. Аднак будаўніцтва камбікормавага цэха дагэтуль не завершанае. Належнае захаванне дарагога абсталявання, так і не ўведзенага ў эксплуатацыю, не забяспечана.

У СВК "Кракоўка" (Ашмянскі раён) у 2009 годзе ў рамках Праграмы энергазберажэння за кошт інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі набылі абсталяванне для вытворчасці пелетаў з саломы. Каштавала яно 1,03 млрд рублёў. Тут планавалася правесці рэканструкцыю будынка цэха для іх вытворчасці. Аднак будаўніцтва так і не пачалося. А з чэрвеня 2012 года вытворчасць пелетаў спыненая, бо няма сховішчаў для саломы. Іх будаўніцтва цяпер немагчымае з прычыны адсутнасці фінансавання. Набытае дарагое абсталяванне фактычна прастойвае.

Па выніках кантрольнай праверкі пракурор Гродзенскай вобласці падаў прадстаўленне ў Гродзенскі аблвыканкам з патрабаваннем прыняць меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі