Прах Юрыя Хадыкі пахаваюць у Мінску

Прах Юрыя Хадыкі пахаваюць у Мінску

Развітанне з беларускім навукоўцам і апазіцыянерам Юрыем Хадыкам адбудзецца ў Мінску на 40-ы дзень пасля смерці. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на сына навукоўца Аляксея. Іншы сын Хадыкі, Канстанцін, прывёз у Беларусь прах бацькі, які памёр 11 верасня на 79-м годзе жыцця ў Злучаных Штатах.

Развітанне адбудзецца ў грэка-каталічкім цэнтры святога Язэпа (вул.Арджанікідзэ 6, ст.м. “Аўтазаводская”) у 12.30. У 13.30 пачнецца набажэнства, якое працягнецца да 15.00. Пахаваюць прах навукоўца на Чыжоўскіх могілках побач з жонкай.

Юрый Віктаравіч Хадыка нарадзіўся ў Мінску 23 чэрвеня 1938 года. Ён зрабіў кар'еру ў фізіцы, узначальваў секцыю аптычна-электронных сродкаў разведкі ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця ўзбраенняў, абараніў доктарскую “Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет”, аўтар каля 150 навуковых прац па фізіцы.

Апроч таго, аддаў шмат часу працам па даследаванні гісторыі Беларусі — прымаў удзел у зборы матэрыялаў (экспедыцыі) і напісанні “Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. У 1979 годзе Хадыка адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.

У 1980-я гады ён далучыўся да руху беларускага адраджэння, з 1988 па 2007 год быў намеснікам старшыні БНФ. Таксама Юрый Хадыка ўваходзіў у назіральную раду БХК і быў прарэктарам Народнага ўніверсітэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі