Прафесар Таццяна Арлова: Мяне звольнілі за тое, што доўга жыву

Прафесар Таццяна Арлова: Мяне звольнілі за тое, што доўга жыву

Доктар філалагічных навук і прафесар Таццяна Арлова, якую ў жніўні нечакана звольнілі з факультэта журналістыкі, выступіла з публічным зваротам да сваіх вучняў. Тэкст звароту на сваёй старонцы ў Фэйсбуку апублікавала тэатральны крытык Алена Мальчэўская, колішняя студэнтка Таццяны Арловай.

Звальненне прафесара ўжо называюць дыскрымінацыяй па ўзросце — легендарнай выкладчыцы 83 гады. Загаловак тэксту набраны вялікімі літарамі: “МЯНЕ ЗВОЛЬНІЛІ ЗА ТОЕ, ШТО ДОЎГА ЖЫВУ”. Прыводзім некаторыя вытрымкі з яго.

“Адэкватна ацэньваючы свае сілы, разумела, што трэба сыходзіць, калі табой не абцяжарваюцца, а ганарацца. На злосць у апошнія гады я зрабіла шмат сур’ёзных рыўкоў і чула выключна кампліменты. Толькі за гэты год апублікавала каля 40 артыкулаў (журналісцкіх і навуковых), удзельнічала з дакладамі ў мностве канферэнцыяў, абараніла ў якасці афіцыйнага апанента аднаго доктара і двух кандыдатаў, наведала як тэатральны эксперт шэсць міжнародных фестываляў. Адначасова выканала ўсю навучальную нагрузку. Як навуковец я запатрабаваная. Як педагог ганаруся, што ўсе найлепшыя журналісты краіны — мае вучні”.

“У гісторыю журфака я ўвайду як першы выгнаны прафесар, доктар навук і апошні гуляючы трэнер, які ўмее на ўласным досведзе навучыць студэнта ствараць журналісцкі матэрыял. Я не займаю чужога месца. Мне ніхто не дыхае ў спіну. Я проста педагог, толькі ўжо даруйце за хвальбу, той, які мае высокую кваліфікацыю”.

“Маё месца, якое вызваляю, няма каму заняць. Кожны малады кадр мусіць гадоў дваццаць дасягаць маіх сённяшніх вынікаў. Да таго часу кожны рэктар, які падпісаў захад пра звальненне, пастарэе, а зробленая шкода застанецца. Мой статус – не чарга на падвышэнне па службе. Гэта знак высокай кваліфікацыі педагога, чый досвед і веды здольныя забяспечыць добруб падрыхтоўку спецыяліста. Усяго ў Беларусі такіх як я дактароў і прафесараў каля 600 чалавек. Лічба гэтая не расце, а імкліва змяншаецца. Заробкі і пенсіі ў нас смешныя, ніякага сацыяльнага пакета. Мы не канкурэнты чыноўнікам і сілавікам. На нас не зэканоміш. У журналістыцы ўвогуле з навуковымі ступенямі вялікае напружанне. Па нашай спецыяльнасці 10.01.10 у краіне заставалася толькі трое. Без мяне будзе двое”.

“Журфак сёння складаецца з педагогаў-тэарэтыкаў, практычна гэта філіял філфака. Выкладаюць у асноўным філолагі, гісторыкі, лінгвісты, сацыёлагі, эканамісты. Таленавітым журналістам у штаце фінансава нявыгадна працавац. Не засталося спецыяліста-педагогаў, якія маглі б вучыць студэнта ствараць журналісцкі аналітычны тэкст для СМІ. Разам з тым ажыццяўленне аптымізацыі вызваляе факультэт ад дасвечаных кадраў. На журфаку няма дэфіцытных працоўных месцаў занятых пенсіянерамі. Але на жаль, пяці загадчыкам кафедрамі (Вараб’ёву, Булацкаму, Дасаевай, Саянковай, Драздову) прапанавалі па заканчэнні кантракта вызваліць месцы для маладых. Замена дасведчаных кіраўнікоў малай ячэйкі — кафедры — азначае страх, поўнае паслушэнства, залежнасць ад тых, хто цябе прасоўвае. Але ў педагогіцы патрэбнае не выслужванне, а творчая ініцыятыва”.
 

“Я чалавек загартаваны. Перажыла Вялікую Айчынную вайну, бамбёжкі, голад, хваробы. Мы, дзеці вайны, не маем ніякіх льготаў, нават права на працу. Усё аплочваю я сама. Капітал не назапасіла. Усё жыццё працавала выключна ў ідэалагічна вытрыманых дзяржаўных установах. З 1972 года ў БДУ. Мне цяжка зразумець чаму, кажучы юрыдычнай мовай, заслужыла “паражэнне ў правах”. Гэта за паўстагоддзя службы, дзякуй за сумленную працу?”

“Калі рэктар выдаў захад ад 14 чэрвеня пра маё звальненне, ніхто нічога не ведаў. Я чытала лекцыі завочнікам, прымала экзамены, запаўняла індывідуальны план на новы навучальны год, выслухоўвала кампліменты ад калегаў пра тое, які я каштоўны кадр і яшчэ патрэбная журфаку. 29 чэрвеня сышла ў адпачынак. Пры канцы ліпеня даведалася пра прызначэнне Самусевіч дэканам, павіншавала яе. Яна сказала, што асабліва ганарыцца маім віншаваннем і сустрэнемся на працы. 11 жніўня поштай атрымала паведамленне пра звальненне і неабходнасць забраць працоўную кніжку”.

“29 чэрвеня на агульным сходзе факультэта ніхто не агучыў ніякіх прычынаў звальнення. Не задаў пытанняў. Не абурыўся тым, як са мной абышліся. Спрабавала змагацца адна Людміла Пятроўна Саянкова. Безвынікова. Тэлефанавала мне па колькі разоў на дзень. Ніводны выкладчык не выйшаў са мной на сувязь. Усе, хто называў мяне сваім сябрам, сарамліва апускаюць вочы пры згадцы майго імя і маўчаць. Мне сорамна за вас, мае былыя калегі. Журфак мне здрадзіў. Вось такая яна, сённяшняя журналістыка”.

“Не разумею,як расцэньваць дзеянні рэктара Караля, які знішчыў Інстытут журналістыкі і ўзяў курс на дыскрымінацыю шараговых кадраў па ўзросце. Для мяне болей не існуе БДУ. У мяне адабралі выкладчыцкую працу, але журналістыку ў мяне адабраць немагчыма. Я не падданая каралёў. Не збіраюся сыходзіць на бестэрміновы адпачынак і вязаць шкарпэтачкі, хоць умею гэта рабіць, як і многае іншае”.
 


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі