Праекта Deutsche Welle для Беларусі не будзе — у Бундэстагу не падтрымалі ідэю

Бундэстаг Германіі / Reuters
Бундэстаг Германіі / Reuters

Ідэя арганізаваць поўнафарматнае тэлевяшчанне Deutsche Welle на Беларусь не знайшла падтрымкі ў Камітэце бундэстага па культуры і СМІ, гаворыцца ў паведамленні на сайце нямецкага парламента.

Ідэя належала Святлане Ціханоўскай. Яна агучыла яе падчас свайго візіту ў Герамнію ў кастрычніку 2020 года. Фракцыя Свабоднай дэмакратычнай партыі (FDP) ў бундэстагу прапанавала калегам ухваліць праект —падтрымаць грамадзянскую супольнасць Беларусі. У FDP нагадалі, што СМІ ў Беларусі цяпер выкарыстоўваюцца як інструмент прапаганды, журналісты з недзяржаўных медыа пераследуюцца, а замежныя СМІ засталіся без акрэдытацыі і магчымасці працаваць.

Прадстаўнікі большасці фракцый паставіліся да ідэі з вялікай сімпатыяй, але пры галасаванні ў Камітэце ініцыятыву FDP падтрымалі толькі "зялёныя".

"У апісанні і ацэнцы сітуацыі ў Беларусі была поўная згода, якая гучала ў шэрагах ХДС / ХСС, СДПГ, левых і зялёных. Было няпроста абгрунтаваць, чаму заяўка ўсё яшчэ не можа быць ухваленая", гаворыцца ў паведамленні па выніках галасавання ў Камітэце.

Супраць была ультраправая "Альтэрнатыва для Германіі". Дэпутаты з гэтай фракцыі нагадалі, што Deutsche Welle стваралася для садзейнічання распаўсюджванню нямецкай мовы і прадстаўленне Германіі ў свеце. Аспрэчыць гэты аргумент паспрабавалі сацыял-дэмакраты. Яны адзначылі, што кругласутачная трасляцыя Шылера на нямецкай мове, магчыма, прымусіла б Аляксандра Лукашэнку ўсё пераасэнсаваць, "калі б ён паглядзеў такую праграму і зразумеў яе". Але ў выніку і сацыял-дэмакраты не падтрымалі ідэю тэлебачання для Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі