Праект “Dvepoloski” хацеў прадаваць лідскія кеды і дапамагаць вазочнікам, але…

30 кастрычніка запрацаваў сайт некамерцыйнага сацыяльнага праекта “Дзве палоскі” — dvepoloski.by. Па задуме лідскіх актывістаў Сашы Аўдзевіча і Алесі Дуброўскай, там можна замовіць вядомыя лідскія красоўкі (з дзвюма палоскамі) ў пяці колерах. Кошт як у краме, 29 рублёў, але палова ад гэтай сумы ідзе на дабрачыннасць — пашырэнне безбар’ернага асяроддзя, устаноўку пандусаў і медыцынскую дапамогу маламабільным беларусам. То бок, набываеш сабе хіпстарскія шузы і адначасова робіш добрую справу.

Лідская фабрыка ідэю падтрымала.

“Натуральна, фабрыка задаволеная, бо нейкія людзі за свае ўласныя грошы без аніякіх інвестыцый ад “Лідскай” распіярваюць красоўкі, на якія ўчора ніхто не звяртаў увагу, — распавядае Саша Аўдзевіч. — Усе ж разумеюць, што гэтыя красоўкі вырабляюцца толькі там, і там жа будуць набывацца”.

Ініцыятыве Сашы і Алесі ўжо месяц, але запусціць ідэю ў масы перашкаджаюць юрыдычныя нюансы.

“Як толькі мы распавялі, што будзем ствараць “Дзве палоскі”, да нас у сацсеткі пачалі грукацца людзі і пакідаць заяўкі на красоўкі, — кажа Алеся Дуброўская. — На сёння мы маем 36 заявак ад фізічных асоб і дзве замовы ад кампаній на 10 і 60 пар абутку. Але пакуль не прадалі ніводнай пары і нікому не дапамаглі, што было нашай мэтай, вельмі складана гэты працэс аформіць юрыдычна”.

Меркавалася, што грошы ад замоў будуць ісці наўпрост на рахунак лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў”. Афіцыйна аб’яднанне можа прымаць грошы на дабрачыннасць. Але каб атрымліваць грошы за красоўкі, трэба мець гандлёвую арганізацыю, якой аб’яднанне інвалідаў-калясачнікаў не з’яўляецца. Тады каманда праекта вырашыла выкарыстоўваць ІП. Цяпер вядуцца кансультацыі з юрыстамі, каб зрабіць працэс пакупкі абутку і пераводу грошай на дабрачынныя мэты цалкам празрыстым.   

Да таго ж, пакуль грошы на красоўкі трэба пераводзіць на адмысловы рахунак, што таксама нязручна:

Саша Аўдзевіч. Фота 34mag.net

“Мы плануем прывязаць да сайта плацежную сістэму, — працягвае Саша Аўдзевіч. — Калі б я быў бізнесоўцам, я б, напэўна, шарыў у гэтым, і ідэя б хутка запрацавала. Каб вы разумелі: сабекошт пары — 11 рублёў, мы прадаём яе па коштах як у краме — за 29. Розніца ідзе на дабрачыннасць. Мы тут зарабляем толькі хайп, усё”.

Калі набярэцца 60 аплат, каманда “Dvepoloski” панясе грошы на фабрыку і аформіць заяўку.

“Гэта не тое, што ёсць гатовая партыя, і мы яе набываем, — тлумачыць Алеся Дуброўская. — Згодна з заяўкамі, у кожнага свой памер і колер. Для звычайных людзей мы ставім на язычкі красовак лагатып “Дзвюх палосак”. Для бізнесоўцаў — лога іх кампаній. Працэс вырабу можа адбывацца больш за тыдзень у залежнасці ад таго, што ёсць на складзе. На фабрыцы нам асобна аддаюць язычок і заднік красовак: мы нясём іх у тыпаграфію, набіваем лагатып на спецыяльным станку, вяртаем на фабрыку, дзе далей фарміруецца красовак”.

Алеся падкрэслівае, што, паколькі падобным праектам яны з Сашам займаюцца ўпершыню, дакладна не ведаюць, якіх насамрэч выдаткаў патрабуе рэалізацыя ідэі. Сайт і фотасесіі робяць за свае грошы. Калі атрымаецца аформіць усе паперы і замовіць першую партыю красовак, паглядзяць, колькі выдаткаў будзе вымагаць дастаўка і ўпакоўка абутку. Таму кошт на “дабрачынныя” лідскія красоўкі можа вырасці. Пакуль жа Алеся і Саша прызнаюцца, што маюць патрэбу ў дапамозе:

“Нам часта кажуць: “Вы класныя, мы таксама хочам з вамі”, а потым зліваюцца. Хацелася б рэальнай дапамогі і разумення”, — прызнаецца Алеся.

Паўгода таму пра лідскія красоўкі беларускія хіпстары згадалі дзякуючы кампаніі LSTR, якая прадавала дызайнерскую партыю з гербам “Калюмны”. Праўда, праз непаразуменні паміж LSTR і Лідскай фабрыкай выпуск быў прыпынены. Цяпер зноў з’явілася магчымасць атрымаць дызайнерскія кеды, з лога “Дзвюх палосак”. Праект стартуе хутчэй, калі мы аформім заяўкі на лідскія красоўкі на сайце dvepoloski.by.