Прадстаўнікі ЕС правялі з МЗС Беларусі дыялог па правах чалавека

Прадстаўнікі ЕС правялі з МЗС Беларусі дыялог па правах чалавека

7 чэрвеня ў Мінску прайшоў трэці раўнд дыялогу аб правах чалавека паміж Еўразвязам і Беларуссю. Прэс-служба Прадстаўніцтва ЕС у нашай краіне па выніках перамоваў адзначыла, што адбыўся "шырокі абмен поглядамі на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і Еўрасаюзе", перадае БелаПАН.

Беларускую дэлегацыю ўзначальвала намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына, дэлегацыю ЕС — кіруючы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Томас Маер-Хартынг.

На перамовах абмяркоўваліся такія пытанні, як свабоды меркаванняў, сходаў і асацыяцый, выбарчага права, смяротнага пакарання. Бакі ўздымалі такія праблемы, як недапушчальнасць жорсткага абыходжання з людзьмі і прымянення катаванняў. Акрамя таго, абмяркоўваліся правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і прадухіленне гвалту ў сям'і.

Былі згаданыя і парламенцкія выбары, якія мусяць адбыцца ў Беларусі 11 верасня. ЕС падкрэсліў, што лічыць важным іх правядзенне ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Наступны раўнд дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пройдзе ў 2017 годзе ў Бруселі, паведамляе прэс-служба МЗС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі