Польшча прыдумала, як абысці расійскія санкцыі: сок замест яблыкаў

Мінулы год для польскіх вытворцаў яблыкаў стаў вельмі няпростым. Хоць ён і аказаўся ўрадлівым, але ў жніўні Расія аб’явіла краінам ЕС эмбарга на ўвоз садавіны і гародніны. Цэны на яблыкі пачалі імкліва падаць. Сітуацыя ледзь не стала катастрафічнай. Але знаходлівыя вытворцы знайшлі спосаб абысці санкцыі.

Паводле дадзеных польскага Інстытута эканомікі, са жніўня (час аб’яўлення эмбарга) да снежня 2014 у Расію прададзена 11,9 тысяч тон яблычнага канцэнтрату на 45 млн злотых. Для параўнання: у 2013 годзе было экспартавана толькі 100 тон канцэнтрату.

Гендырэктар кансалтынгавай кампаніі ІТРО Себасцьян Садоўскі-Раманаў тлумачыць Еўрарадыё, што летась цэны на яблыкі ў Польшчы знізіліся амаль напалову — у пераліку на нашы грошы да 3 130 рублёў за кілаграм.

“Цяпер праз тое,  што цана сыравіны нізкая, цана на сам канцэнтрат таксама значна знізілася. І на расійскім рынку ён стаў канкурэнтаздольным з чэшскім, славацкім і нават малдоўскім”.

Прадстаўніца Саюза польскіх дыстрыб’ютараў садавіны і гародніны Ёланта Казімерская дадае, што расійскае эмбарга польскія вытворцы харчовай прадукцыі спрабуюць абысці таксама шляхам дыверсіфікацыі экспарту. 

Так, у 2014 годзе Польшча паставіла яблычны канцэнтрат не толькі ў Расію, але і ў ЗША — 8,4 тысяч тон (у 2013 годзе было менш за тону), у Нідэрланды — 13,8 тысяч тон (у мінулым годзе — 7,3 тыс. тон), Аўстрыю — 10,5 тысяч тон (3,4 тыс. тон у 2013), паведамляе польскае выданне Gazeta.pl.

Але Садоўскі-Раманаў адзначае, што праблемы ў вытворцаў засталіся. Знайсці шляхі для рэалізацыі такой вялікай колькасці сыравіны няпроста. Непасрэдна яблыкаў звычайна прадавалася ў Расію значна болей, чым канцэнтрату цяпер. Напрыклад, у мінулым годзе экспарт у Расію склаў амаль 1,2 млн тон яблыкаў. Гэта непараўнальна больш, адзначае гендырэктар.

Таму польскія вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі ўсё ж спадзяюцца на хуткае скасаванне эмбарга, бо яно шкодзіць не толькі польскім і еўрапейскім вытворцам, але і расійскаму спажыўцу.

Нагадаем, што расійскае харчовае эмбарга было ўведзенае 6 жніўня 2014 года. Яно забараняе імпарт мясной і малочнай прадукцыі, рыбы, гародніны, садавіны і арэхаў у Расію з дзяржаваў, якія ўводзілі санкцыі супраць Расіі праз анексію ёй Крыма і падтрымку сепаратыстаў ва Украіне.

Фота: eterycznegotowanie.bloog.pl, kmkm.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі