План Бэла згубіўся ў мінскіх калідорах

Як паведаміў лорд Бэл у інтэрв’ю Еўрарадыё, план па змене вонкавага іміджу Беларусі гатовы і ўжо адпраўлены ў Мінск. Аднак высветлілася, што ні ў Адміністрацыі прэзідэнта, ні ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі гэты дакумент яшчэ не бачылі. Англійскі піяршчык Цімаці Бэл, які на замову Лукашэнкі распрацаваў план па паляпшэнні вонкавага іміджу Беларусі, у інтэрв'ю Еўрарадыё паведаміў, што дакумент ужо на стале ў Лукашэнкі.

Лорд Бэл: “Так, я падрыхтаваў план, аднак пакуль не атрымаў адказу ад вашага прэзідэнта”.

Але, як высветлілася, да стала кіраўніка дзяржавы яшчэ не дайшоў.

Павел Лёгкі, прэсавы сакратар прэзідэнта, расказаў Еўрарадыё, што ніякіх планаў ад лорда Бэла не бачыў і параіў звярнуцца ў Міністэрства замежных спраў Беларусі:

Лёгкі: “Вы ведаеце, я ад лорда Бэла планаў не атрымліваў. Справа ў тым, што я кіраўнік прэсавай службы прэзідэнта, а таму вы звяртаецеся не па адрасе. У яго, напэўна, нейкія свае каналы прадстаўлення інфармацыі. Я думаю, што вам варта звярнуцца ў МЗС”

Марыя Ваньшына, прэс-сакратар беларускага МЗС, паведаміла Еўрарадыё, што ў прэсавай службе таксама не ведаюць пра дасланыя англійскім піяршчыкам дакументы:

Ваньшына: “Я не здольная адказаць вам на гэтае пытанне, таму што я не ведаю нічога пра гэта – атрыманы ён ці не”.

У прыёмнай кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава Еўрарадыё паведамілі, што галоўны дыпламат знаходзіцца ў доўгатэрміновай камандзіроўцы, а таму дакладна не бачыў план англійскага піяршчыка:

“Прыйшоў план ці не, міністр яўна не ў курсе, бо ён ужо дастаткова даўно ў камандзіроўцы і вернецца таксама не хутка. Куды вам звярнуццa?.. Напэўна, што толькі ў канцылярыю, дзе рэгіструюць усе атрыманыя дакументы. Усё, што дасылаецца да нас, будзе адназначна ў іх”.

Чарговым дзяржаўным органам, куды звярнулася Еўрарадыё, стала канцылярыя Міністэрства замежных спраў Беларусі. Высветлілася, што нават у органе, праз які праходзяць усе дасланыя дыпламатычныя дакументы, аніякіх лістоў за подпісам англійскага лорда Бэла таксама няма :

“О-о-о, напэўна, я такога дакумента не знайду... Не, дакладна нічога падобнага да нас не прыходзіла”.

Атрымліваецца, што дакумент Бэла ў Беларусі пакуль яшчэ ніхто не бачыў. Тым часам распрацоўшчык плану зараз сядзіць сабе ў Англіі і чакае адказу ад беларускіх уладаў.


Таксама на гэтую тэму: Лорд Бэл адаслаў на ўзгадненне Лукашэнку план па змене іміджу Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі