Вы тут

Пісьменніца Людміла Рублеўская звольнілася з "СБ. Беларусь сегодня"

Людміла Рублеўская / facebook.com

Пісьменніца Людміла Рублеўская сышла з галоўнай афіцыйнай газеты "СБ. Беларусь сегодня".

У каментары TUT.by яна паведаміла, што сыход адбыўся яшчэ месяц таму. Апошнія публікацыі Рублеўскай на сайце выдання датаваныя 14 жніўня.

Ад іншых каментароў пісьменніца адмовілася.

У "СБ. Беларусь сегодня" яна працавала літаратурнай аглядальніцай з 2003 года. Цяпер яе тэксты выходзяць на сайце газеты "Звязда". 

Людміла Рублеўская — вядомая беларуская пісьменніца. Сярод яе кніг — аповесці "Сэрца мармуровага анёла", "Ночы на Плябанскіх Млынах", серыя раманаў "Авантуры Пранціша Вырвіча". Першы з іх экранізаваны сёлета на "Беларусьфільме". У 2017-м Рублеўская стала лаўрэаткай Нацыянальнай літаратурнай прэміі за кнігу "Авантуры Пранціша Вырвіча". 

З галоўнай афіцыйнай газеты за апошнія два месяцы звольніліся шэраг супрацоўнікаў. З пачатку жніўня з навінавага аддзела звольніліся Аліна Янчур, Аляксандр Кастыка, Вадзім Шундалаў і Святлана Галуза. Спыніў супрацу з выданнем пісьменнік Уладзімір Сцяпан, які сёлета быў узнагароджаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй як найлепшы беларускі празаік.

Таксама з выдання сышла Юлія Васілішына — жонка рэдактара аддзела расследаванняў "СБ. Беларусь сегодня" Рамана Рудзя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.