"Перспектыве" зноў адмовілі ў памяшканні для правядзення форуму ІП

"Перспектыве" зноў адмовілі ў памяшканні для правядзення форуму ІП

Арганізатарам чарговага форуму прадпрымальнікаў у Мінску зноў адмовілі ў памяшканні. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. Форум запланаваны на 25 студзеня.

Такія мерапрыемствы "Перспектыва" праводзіла ў сталічнай гасцініцы "Беларусь". Аднак пасля антыкрызіснага форуму 11 студзеня, на які з'ехаліся прыкладна паўтары тысячы прадпрымальнікаў, адміністрацыя гасцініцы папярэдзіла: у зале не павінна знаходзіцца больш за 250 чалавек. Удалося дамовіцца на залу, якая знаходзіцца ў тым будынку ў цэнтры сталіцы, дзе і дэпартамент прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі, аднак неўзабаве ўладальнікі памяшкання перадумалі.

Шумчанка: Улады пабаяліся вялікай колькасці прадпрымальнікаў у цэнтры Мінска

20 студзеня "Перспектыва" дамовілася аб арэндзе залы ў Доме культуры Мінскага аўтазавода. Аднак раніцай у чацвер прадстаўнікі адміністрацыі ДК звязваліся з Шумчанкам па тэлефоне і... адмовілі ў арэндзе. "Прычына — ваенныя вучэнні па прадухіленні тэрактаў, там будзе разгорнуты пункт прыёму асабістага складу", — кажа лідар індывідуальных прадпрымальнікаў.

"Перспектыва" распаўсюдзіла заяву, у якой сцвярджае, што "нейкая дэструктыўная сіла, якая мае ўладныя паўнамоцтвы, стварае перашкоды для законнага выказвання поглядаў і абароны правоў і інтарэсаў прадпрымальнікаў ды штурхае грамадства да праявы радыкальных дзеянняў". Па-ранейшаму кіраўнікі аб'яднання мяркуюць, што праблему можна вырашыць "мірным чынам і выключна шляхам перамоваў". "Перспектыва" збіраецца працягнуць пошукі "рашэння прадпрымальніцкіх праблем у межах прававога поля".

У заяве адзначаецца, што форум прадпрымальнікаў пройдзе "ў любым выпадку". Тым часам перастаў працаваць сайт "Перспектывы". Непрацуючы сайт і адмовы ў памяшканні для правядзення форуму Шумчанка назваў "звёнамі аднаго ланцуга".

З пачатку студзеня многія ІП у Беларусі, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, прыпынілі сваю працу ў сувязі з немагчымасцю выканаць патрабаванні указаў кіраўніка дзяржавы № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" і № 48 "Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі