На складах Wildberries у Расіі захоўваюць тавары 22 тысячы беларускіх прадаўцоў
Аўтамабіль Wildberries / wb.ru
Беларускія прадпрымальнікі ўстурбаваныя пажарамі на расійскіх складах кампаніі Wildberries. Шматлікія пажары на складах расійскага маркетплэйса — гэта наступствы атак украінскіх беспілотнікаў.
Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў 3 жніўня накіраваў ліст на імя першага намесніка міністра эканомікі Івана Вежнаўца ў сувязі з негатыўнымі наступствамі гэтых пажараў для беларускага бізнесу.
У лісце гаворыцца, што арганізацыя прадпрымальнікаў праводзіць працу па абагульненні беларускіх праблем, выкліканых сітуацыяй вакол Wildberries. На складах Wildberries у Расеі можа захоўвацца прадукцыя больш за 22 тысячы беларускіх прадаўцоў.
Эксперты Саюза склалі пакрокавы план абароны правоў і вяртання сродкаў беларускіх прадаўцоў. Яны разлічваюць на кампенсацыю стратаў ад расійскага боку. Аўтары ліста заяўляюць, што згодна з публічнай дамовай пажары на тэрыторыі РФ не могуць лічыцца падставай, каб адмовіць у кампенсацыі праз абставіны непераадольнай сілы.
У прадпрымальніцкай арганізацыі разлічваюць на аб'яднанне бізнесу і дзяржаўных органаў для мінімізацыі шкоды беларускіх прадпрыемстваў. Бізнесоўцы прапануюць правесці рабочую нараду пры каардынацыі Мінэканомікі для ацэнкі сітуацыі, складання і ажыццяўлення плана сумесных дзеянняў.