Шумчанка: Улады пабаяліся вялікай колькасці прадпрымальнікаў у цэнтры Мінска

Шумчанка: Улады пабаяліся вялікай колькасці прадпрымальнікаў у цэнтры Мінска

Рэспубліканскаму грамадскаму аб'яднанню "Перспектыва" адмовілі ў памяшканні для правядзення чарговага форуму прадпрымальнікаў. Дамова аб арэндзе залы Міністэрства эканомікі ў Мінску (вуліца Мяснікова, 39) была заключана і аплачана яшчэ 16 студзеня. Але праз тры дні з галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта патэлефанавалі і паведамілі, што ў арэндзе адмоўлена, бо ў памяшканні плануецца правядзенне калегій міністэрстваў "з удзелам першых асобаў".

“Натуральна, прычына ў тым, што яны даведаліся, хто мы і для якіх мэтаў арэндуем памяшканне, — кажа ў каментары Еўрарадыё старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. — Натуральна, што яны проста пабаяліся даваць нам памяшканне ў будынках міністэрстваў у цэнтры горада”.

Раней свае мерапрыемствы "Перспектыва" праводзіла ў актавай зале гатэля "Беларусь". Але на папярэднюю сустрэчу (11 студзеня) сабралася больш за тысячу прадпрымальнікаў, што значна перавышае колькасць месцаў у зале. Цяпер адміністрацыя гатэля згодна даць памяшканне толькі пры ўмове, што ўдзельнікаў будзе не больш за 250 чалавек.

Пераносіць чарговы форум прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка не плануе і працягвае шукаць памяшканне. Старшыня “Перспектывы” ўжо накіраваў запыт на арэнду ДК “МАЗ”, адказ паабяцалі даць 20 студзеня.

“Калі ДК “МАЗ” таксама адмовіць, то можна будзе казаць пра тое, што ўлада свядома ўстаўляе палкі ў колы і перашкаджае канструктыўнаму дыялогу паміж уладай і прадпрымальнікамі, — разважае Шумчанка. — А вось тады я не ведаю, як гэта расцэньваць. Вы кажаце, што на плошчу нельга. Ну, добра! Мы збіраемся, як цывілізаваныя людзі ў залах і абмяркоўваем свае праблемы. А цяпер і ў залах нельга!? Дык што ж вы сябе, як дзікуны паводзіце? Але давайце пачакаем да заўтра!”.

На папярэднім форуме прадпрымальнікаў абмяркоўваліся варыянты вырашэння праблем ІП, звязаных з указам прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Тады прадпрымальнікі дамовіліся не выходзіць на працу да правядзення наступнай сустрэчы. 25 студзеня плануецца абмеркаваць магчымасці дасягнення канструктыўнага дыялогу з уладай і роўных правоў для малога бізнэсу пры прыняцці рашэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі