Вы тут

Першыя таргі юанем на біржы і ўмацаванне рубля: што адбываецца на валютным рынку

Юань наўрад ці зможа замяніць даляр і еўра / Reuters

Таргі на беларускай валютнай біржы 18 сакавіка сталіся незвычайнымі. Беларускі рубель умацаваўся да ўсіх валют упершыню за два тыдні. Таксама ўпершыню прайшлі таргі кітайскім юанем. Усяго аказалася 10 здзелак з юанем амаль на $100 тысяч.

Долар упаў на 4 капейкі і каштуе 3,2519 рубля. Еўра страціў амаль 5 капеек. Яго курс на біржы склаў 3,5969 рубля. Расійскі рубель таксама стаў ніжэйшы, але толькі на 0,3 капейкі. Цяпер 100 расійскіх рублёў каштуюць 3,1436 рубля. Курс юаня па выніках таргоў атрымаўся 5,1116 рубля за юань.

Чаму беларускі рубель не будзе ўмацоўвацца далей, а купляць юань беларусам нявыгадна, Еўрарадыё даведалася ў экспертаў.
 

Практычнага сэнсу ў таргах юанем няшмат

Цікавасць да юаня адлюстроўваюць аб'ёмы таргоў. Калі агульны абарот долара, еўра і расійскага рубля склаў амаль $60 млн, то юаня ўсяго каля $120 тысяч.

Вынікі таргоў 18 сакавіка / myfin.by

Можна зрабіць скідку на першы дзень, але мы вельмі не хутка ўбачым, каб юань дасягнуў хоць бы некалькіх адсоткаў ад абароту іншых валют. Гэта значыць, попыту няма, прапанавання няма, знешні гандаль паміж дзвюма краінамі адбываецца пераважна ў цвёрдых замежных валютах. У тым жа долары і еўра, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Да наяўнага юаня таксама цікавасці няма. Яго рэдка можна знайсці ў банках, а калі і знойдзеш, то розніца паміж купляй і продажам занадта высокая, каб беларусы пераводзілі зберажэнні ў юань, адзначае эксперт.

Гэта нейкае палітычнае рашэнне: "Мы тут зараз пакажам братэрскае сяброўства з Кітаем". А практычнага сэнсу ў гэтым пакуль няшмат.

Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама лічыць, што юань на біржы — гэта вынік палітыкі, а не эканамічная неабходнасць.

Колькі людзей у Беларусі працуюць з Кітаем? Тысяча, можа, дзве тысячы чалавек. Для іх будзе добра, калі, напрыклад, яны прыдумаюць нейкі схематоз, які будзе канвертаваць юань у долары. Для звычайнага чалавека будзе курс долара не 3,5 рубля. Будзе 4 рублі, таму што свае адсоткі будуць браць тыя людзі, якія арганізуюць такія абмены.

У любым выпадку за доляр беларусам давядзецца заплаціць нашмат больш курсу Нацбанка / myfin.by

Каму яшчэ могуць спатрэбіцца юані ў Беларусі, незразумела, бо самі кітайцы лічаць за лепшае атрымліваць за свае тавары долары і еўра.

Тэарэтычна юрыдычныя асобы маглі б купляць на біржы юань, каб уладкаваць свабодныя рублі, калі купіць долар і еўра немагчыма. Аднак трэба ўлічваць, што Кітай любіць ладзіць дэвальвацыі, кажа Вадзім Іосуб.

Кітай раз на некалькі гадоў пачынае ладзіць валютныя войны і спецыяльна дэвальваваць юань да іншых валют, перш за ўсё да долара. Паміж імі юань ходзіць у вельмі невялікім калідоры адносна долара. Калі паглядзець курс долара на біржы да беларускага рубля і юаня да беларускага рубля, то графікі будуць падобныя.

Можа быць, гэта зроблена з прыцэлам на будучыню, што зусім не будзе долараў і еўра і будуць спрабаваць нешта з юанем зрабіць. Але пакуль на біржы ёсць долары і еўра, у куплі юаняў сэнсу не бачу.
 

Беларускі рубель працягне падаць

Удалы дзень для беларускага рубля не стане традыцыяй / Еўрарадыё

На таргах 18 сакавіка ўпершыню з 3 сакавіка знізіўся валютны кошык, гэта значыць сапраўды ўмацаваўся беларускі рубель.

Да гэтага валютны кошык рос кожныя таргі. Калі за кошт росту долара і еўра, калі за кошт росту расійскага рубля, калі за кошт росту ўсіх трох валют. Ці стане гэта доўгатэрміновым трэндам? Не. А так ваганні туды-сюды — цалкам нармальная з'ява.

Прычынай гэтага можа быць набліжэнне выплаты падаткаў за месяц. Можа быць, хтосьці для падаткаў здаваў валюту, — кажа Вадзім Іосуб.

У астатнім няма прычын, каб у доўгатэрміновай перспектыве беларускі рубель рос або быў стабільны.

Ён прывязаны да расійскага, а расійскі ляціць. Валютны рынак у Беларусі і Расіі абмежаваны, радыкальна змяніўся знешнеэканамічны рэжым. Таму, калі сёння на пару капеек рубель павялічыўся, гэта нічога не значыць, — кажа на заканчэнне Яраслаў Раманчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.