Перамогі на міжнародных музычных конкурсах легалізуюць рэжым Лукашэнкі?

Перамогі на міжнародных музычных конкурсах легалізуюць рэжым Лукашэнкі?

Юная спявачка Ксенія Галецкая перамагла на міжнародным фестывалі “SanRemo Junіor”, які праходзіць у Італіі. Піяніст Уладзіслаў Хандогі выйграў мiжнародны конкурс рускай фартэпіяннай музыкі. Зразумела, што ўсе гледачы з гэтымі перамогамі даведваюцца пра Беларусь і пра тое, што ў ёй ёсць культурнае жыццё. Але ці не працуюць гэтыя дасягненні на руку рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі? У гэтых пытаннях з Еўрарадыё разбіраўся прадзюсар і выканаўчы дырэктар Беларускай рады культуры Аляксандр Чахоўскі

“На мой жаль, ёсць артысты, якія вядомыя па ўсім свеце — і гэта не толькі класічныя музыкі, — якія ніяк не выказваюцца наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Нібыта нічога не адбываецца. Я лічу, што так не мусіць быць, але гэта іх выбар. Тут нічога не зробіш. Напрыклад, ёсць іншы прыклад — дырыжор Віталь Алексяёнак, які недаўна перамог у вельмі прэстыжным дырыжорскім міжнародным конкурсе імя Тасканіні. У яго чоткая пазіцыя: ён заўсёды публічна казаў пра Беларусь, пра тое, што ў ёй адбываецца”. 

Чахоўскі кажа, што беларускія артысты, якія публічна агітуюць за беларускі рэжым, ні ўнутры Беларусі, ні за яе межамі не асацыююцца з беларускай культурай. І прыводзіць прыклад няўдзелу Беларусі ў Еўрабачанні.  

“Якраз наш меседж, які датычыць і Еўрарабачання, і Еўрапейскага вяшчальнага саюза, быў такі: паказаць Еўропе і людзям у ёй, што і БТ, і гэты гурт, які, дзякуй богу, не паехаў, “Галасы ЗМеста”, — што гэта не Беларусь і гэта не прадстаўнікі краіны. БТ — адвакат рэжыму, а гэта проста артысты, якіх прапагандысты проста туды пасылаюць”.  


Чахоўскі нагадвае пра процьму артыстаў і дзеячоў культуры, якія асудзілі гвалт сілавікоў і выступілі за сумленныя выбары. Многія з іх зараз апынуліся за кратамі. І іх колькасць непараўнальная з тымі, хто падтрымаў Лукашэнку: 

“Я нагадаю, больш за 830 палітвязняў у краіне: з іх 89 маюць дачыненне да культуры, гэта ў тры разы больш, чым журналістаў. І гэта нонсэнс. Нават пры сталінскім рэжыме такога не было. Сучасная беларуская культура — гэта ўсе мы. Андрэй Аляксандраў [палітзняволенны журналіст. — Еўрарадыё], напрыклад, не лічыць сябе паэтам, але ён піша цудоўныя вершы. Ён мае дачыненне да культуры? Вядома, так”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі