"Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/img_9348.jpg.webp?itok=o6PvVdmh)
Лагойшчына заўседы была славутая грыбнымі і партызанскімі лясамі. Не дзіва, што абочына дарогі Р3 паміж Лагойскам і Зембінам застаўленая машынамі з нумарамі сёмага рэгіёна. І гэта ў будні дзень. А што тут будзе на выходных! Тут і дзед на старых “Жыгулях”, і дзяўчына на белым “Лексусе”, маладзёны на цюнінгаваным “Смарце”.
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/paragraphs/image/img9247.jpg)
Міхаіл і Генадзь працуюць разам на Мінскай СТА. Сёння выхадны, таму сябры паехалі у хатынскі лес. Міхаіл выкладвае наверх кошыка моцненькія баравікі і разважае пра грыбныя традыцыі.
"Мужчына спрадвеку быў здабытчыкам. Што рыбалка, што грыбы — гэта своеасаблівае паляванне. Я больш люблю збіраць, чым есці. А перабірае і марынуе ўсе гэта жонка. Не думаю, што яна будзе рада такому багатаму ураджаю, ёй жа да ночы іх чысціць і варыць".
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/paragraphs/image/img9318.jpg)
Каля паварота на вёску Алешнікі сустракаем сям'ю мінчукоў, сёлета яны першы раз выбраліся на ціхае паляванне. З такой нагоды Міхаіл адмыслова ўзяў адгул. Невялічкія вёдры запоўненыя абабкамі і баравікамі. Зараз перакладуць у багажнік і пойдуць збіраць далей.
"Мой самы вялікі трафей быў тры гады таму. Я тады 300 баравікоў назбіраў. Цяпер тут вельмі шмат канкурэнтаў, але назбіраць нешта можна ў любым выпадку". Дачцы Міхаіла Вераніцы 17 гадоў, яна ў грыбах першы раз ў жыцці. "Я не шмат сёння назбірала, але працэс мне спадабаўся. Буду цяпер ўвесь час разам з бацькам прасіцца".
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/paragraphs/image/img9288.jpg)
Інжынер-электрык Алег паехаў у грыбы разам з сынам Косцем. За чатыры гадзіны яны назбіралі вядро і кошык малодзенькіх баравікоў, абабкаў і чырвонагаловікаў. Машыну пакінулі на ўзлеску і нікуды ўглыб не заходзілі, Косціку паўтары гады, і з ім асабліва не пагуляеш.
"Мы палілі вогнішча, смажылі сала і вывучалі разам лясныя расліны і розных жучкоў-павучкоў. Але грыбоў так шмат, што толькі адыдзеш ўбок, дык штосьці абавязкова трапляецца. Знайсці маладзенькі баравічок — гэта ж сапраўдная асалода. Выцягваеш яго, прыгажуна, з моху, размаўлеш з ім нават".
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/paragraphs/image/img9330.jpg)
Кіроўца Аляксандр збірае грыбы разам з жонкай і яе сяброўкай. Пакуль ён пакуе сваю здабычу, жанчыны пайшлі праверыць маладую пасадку, што паблізу.
"Калі знаходзіш добры грыб, дык адразу настрой паляпшаецца і хочацца яшчэ пахадзіць, а калі грыбоў няма, дык гэта ўсе хутка надакучвае. Па лесу пахадзіць гэта само па сабе адпачынак, а калі выйдзеш не з пустымі рукамі, дык ўвогуле прыемна".
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/paragraphs/image/img9371.jpg)
Жанчыны з вёскі Ганевічы едуць з грыбоў на возе, які цягне конь Кузя. Ураджай невялікі, ехалі з мэтай набраць некалькі мяшкоў апенек, а яшчэ не сезон. Да мінскіх грыбных "панаехаў" жанчыны ставяцца спакойна, Аксана Іванаўна кажа, што лясы тут добрыя, партызанскія, грыбоў на ўсіх хопіць.
"Перабралі з раніцы паўтонны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць. Я не буду хваліцца, проста паглядзіце мой склеп, там рады слоікаў салянкі, лісічак з морквай, апенек і асобна баравічкі. Мае больш за ўсе салянку любяць. У салянцы галоўнае, каб грыбы былі з пахам і розныя: чырвонагаловікі, маслякоў, сыраежкі — усе пойдуць на ура. Да такіх добрых грыбоў ніякіх прыправаў не патрэбна, толькі лаўрушка, хіба". Сяброўка Аксаны Іванаўны жыве ў Барысаве, сюды прыехала на талаку па бульбе. "Тут недалёка ваенны палігон, вось там баравікоў вельмі шмат, але пасля мінулага выпадку, калі там падчас вучэнняў грыбніка разарвала, туды нікога не пускаюць."
!["Перабралі з раніцы паўтоны бульбы і паехалі ў грыбы адпачыць"](/sites/default/files/paragraphs/image/img9326_1.jpg)
Але не ўсе грыбнікі пагаджаюцца хваліцца здабычай. Праграма на тэлефоне паказвае, што за 6 гадзін адзін з жыхароў Уручча прайшоў па лесе каля 6 кіламетраў, патраціўшы на гэта 4600 ККал. А ў авосьцы ніякіх "сур'ёзных" грыбоў, адны сыраежкі, маслякі, махавікі ды ваўнянкі. Аказалася, што гэта такі хітрык. Вядро з добрымі грыбамі мінчук схаваў у заплечнік. Каб ніхто не зайздросціў.