Пазняк: Калі стварылі ўправу каля Акадэміі міліцыі, гэта была нашая міліцыя

Еўрарадыё: Партыю БНФ заўтра збіраюцца гвалтам высяляць з управы. Гэтае месца не проста сядзіба партыі — гэта было адзінае месца ў Мінску, дзе лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Якое, на вашую думку значэнне мела ўправа БНФ для беларускасці ў сталіцы?

Пазняк: “Яе таму і высяляюць, што яна засталася выспай беларускасці. Вырашылі гэтую выспу знішчыць. Гэта ўсе ў рэчышчы антыбеларускай палітыкі рэжыму, які вынішчае ўсё беларускае — і школы, і мову, і тэлебачанне. Усё. Такім чынам, гэта заканамерны вынік этнацыду, той палітыкі, якую праводзіць антыбеларускі рэжым. І, канешне, у гэтай сітуацыі не мела ўжо значэння, якая там партыя ёсць, важна тое, што гэтае месца было апошнім прыстанішчам для беларусаў, для беларускіх арганізацый, для мастакоў, для людзей, якія хацелі выказаць свае думкі, адным словам, для беларускай супольнасці. Рэжым першым чынам знішчае грамадзянскую супольнасць, каб грамадства не мела магчымасці супраціўлення. А ўжо наступным крокам ідзе кіданне яго ў беднасць, вынішчэнне маёмасці. Гэта з’ява, з’ява этнацыду, вельмі адмоўная ў грамадска-палітычным сэнсе і яна датычыць не толькі той арганізацыі, якая там знаходзіцца, а датычыць усіх нас, усіх беларусаў”.

Еўрарадыё: А ці атрымаецца стварыць такую ж управу ў Партыі БНФ, але ў іншым месцы? Бо кіраўнікі партыі кажуць, што ўжо знойдзены іншы офіс, таксама ў цэнтры Мінска. Ці атрымаецца стварыць такое ж месца?

Пазняк: “Не, не атрымаецца, бо ўправа БНФ — гэта месца-легенда. Гэта месца, якое было створана ў 92-м годзе Фронтам, той арганізацыяй, якая мела найвялікшы аўтарытэт, якая здабыла незалежнасць Беларусі, якая накіравала Беларусь па шляху дэмакратыі. Аўтарытэт гэтаму месцу створаны гадамі, створаны гісторыяй, створаны тымі людзьмі, якія там былі — і Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным. Гэта проста так не ствараецца. Тое, што адбываецца зараз — гэта пагібель гэтага месца і як тэрыторыі, і як брэнда. Гэта вельмі вялікі ўдар. На новым месцы павінна стварацца новае. Што датычыць, што там будзе, я гэта не хачу абмяркоўваць, бо я думаю, што там нічога не будзе, бо людзі, якія рэальна былі ў гэтай сядзібе, яны і спрычыніліся да яе разбурэння”.

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што ўправа мела дастаткова дзіўнае суседства з Акадэміяй міліцыі?

Пазняк: “Тут нічога дзіўнага няма. Тады, у 92-м годзе, калі нашая дзяржава рабіла першыя незалежныя крокі, калі стваралася нашае войска, нашыя амбасады, нашыя грошы, нашыя дзяржаўныя структуры — гэта была нашая міліцыя. Міліцыя так сябе не паводзіла, як паводзіць цяпер... Нават пры саветах не было такога, каб міліцыянер мог ударыць жанчыну. Гэтага не было ў прыродзе — у яго не магла падняцца рука... Таму тады гэта не мела ніякага значэння, на гэта суседства ніхто не звяртаў увагі, наадварот, гэта нават было і добра, калі ў выпадку чаго, дык мая міліцыя мяне беражэ”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі