Даклад: Пажылыя беларусы жывуць лепш, чым іх аднагодкі з Польшчы і Расіі

Беларусь заняла 60-е месца ў рэйтынгу жыцця пажылых людзей “Global Age Watch Index”. Падчас даследавання ацанілі даход, стан здароўя, узровень адукацыі людзей, старэйшых за 60 гадоў, з 91 краіны свету.

Як аказалася, беларусы “ва ўзросце” жывуць лепш, чым іх аднагодкі ў Расіі (78-я пазіцыя ў рэйтынгу), Украіне (66-я) і Польшчы (62-я). Наша заходняя суседка, дарэчы, мае горшую статыстку з усіх краін ЕС. А лепш за ўсё жывецца старым у Швецыі, якая ўвяла абавязковую сістэму пенсійных зберажэнняў яшчэ ў 1903 годзе.

“Сістэма, якая існуе 100 гадоў, прывяла да развіцця сацыяльнага дабрабыту Швецыі, які стаў прычынай таго, што краіна ўзначаліла рэйтынг”, — адзначае арганізацыя HelpAge International, якая апублікавала вынікі даследавання.

Але нават у Швецыі не ўсё ідэальна. Адна з праблем звязаная з мігрантамі, якіх у Швецыі даволі шмат і якія, нават старанна працуючы, ніколі не заробяць сабе на бестурботную старасць.

Выданне The Local цытуе “англа-шведскую” пенсіянерку Крысціну Макнаб, якая жыве ў Швецыі з 1970-х і якой нядаўна споўнілася 65 гадоў:

“Калі вы пераехалі ва ўзросце больш за 30 і нават калі вы хутка пачынаеце працаваць, вы ніколі ў выніку не напрацуеце на поўную пенсію”.

Цікава, што на другім месцы па ўзроўні жыцця сярод старых людзей — Нарвегія, на трэцім — Германія.

Яшчэ адна важная выснова, якая вынікае з даследавання, — хуткае старэнне насельніцтва. Часовая выканаўца абавязкаў дырэктара Help International Сільвія Стэфаноні тлумачыць, чаму гэтая праблема застаецца небяспечнай:

“Пастаяннае выключэнне старэння з нацыянальнага і глабальнага парадку дня — самая вялікая перашкода для задавальнення патрэбаў насельніцтва, якое старэе па ўсім свеце”.

Калі паглядзець на прагнозы, то самая сумная сітуацыя са старэннем сярод еўрапейскіх краін — у Партугаліі. На дадзены момант амаль чвэрць партугальцаў маюць больш за 60 гадоў, але ў 2050 годзе такіх будзе больш за 40%. У Беларусі на сёння 60 гадоў і больш маюць амаль 19% жыхароў, а ў 2050-м праз “глабальнае старэнне” такіх назбіраецца больш за 32%.

Варта дадаць, што горш за ўсё, згодна з рэйтынгам, старым людзям жывецца ў Афганістане.

Фота: independent.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі