Вы тут

Павышэнне або ссылка? Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў міліцыі ў рэгіёнах

Прызначэнцы / Пул первого

Аляксандр Лукашэнка 30 красавіка правёў шэраг кадравых прызначэнняў. Новымі начальнікамі абзавяліся абласныя ўпраўленні ўнутраных спраў Брэстчыны, Гродзеншчыны і Міншчыны.

Новыя рабочыя месцы для гэтых сілавікоў-кіраўнікоў — гэта павышэнне? А дзе цяпер папярэднія кіраўнікі абласных УУС? Разбіраемся.

Алег Шулякоўскі ўзначаліў Брэсцкае абласное УУС. Яму 44 гады. Да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка кіраўніка УУС Гомельскай вобласці — начальніка крымінальнай міліцыі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Шулякоўскі быў уключаны ў санкцыйны спіс ЕС.

Начальнікам УУС Гродзенскай вобласці стаў Дзмітрый Разянкоў. Яму 48 гадоў. Да гэтага быў першым намеснікам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама — начальнікам крымінальнай міліцыі. Гэта значыць, як і Шулякоўскі, быў другім чалавекам у міліцыі адной вобласці, а стаў першым у іншай.

Мінскай абласной міліцыяй цяпер кіруе Аляксандр Астрэйка. Да гэтага ён узначальваў УУС Брэсцкага аблвыканкама. Пасада быццам і аналагічная, але пераезд у сталіцу ўсё ж можна разгледзець як павышэнне. Як і Шулякоўскі, Астрэйка пасля выбараў таксама апынуўся ў санкцыйных спісах ЕС. 

А што з іх папярэднікамі?

Ужо былы начальнік Гродзенскага абласнога УУС, генерал-маёр Вадзім Сіняўскі ў сакавіку 2021 года прызначаны міністрам па надзвычайных сітуацыях.

Папярэдні кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама Аляксандр Кавальчук указам Лукашэнкі быў вызвалены ад пасады 26 сакавіка. Ён узначаліў абласную міліцыю ў лютым гэтага года. Прычыны, па якіх 49-гадовага генерал-маёра ўсяго толькі праз месяц пасля прызначэння пазбавілі пасады, не агучваліся. Таксама невядома, дзе і чым ён займаецца цяпер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.