Паводле ЦВК, парламенцкія выбары 2008 г. будуць каштаваць 24,6 млрд. рублёў

Папярэдні каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне парламенцкіх выбараў, якія павінны прайсці ўвосень 2008 года, складае 24,6 млрд. беларускіх рублёў. Пра гэта паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Паводле яго слоў, каштарыс складаецца загадзя, каб яго паспелі ўключыць у праект бюджэту на наступны год. Лічба каштарысу не канчатковая: яе яшчэ неабходна ўзгадніць з Міністэрствам фінансаў, а потым – з Саветам міністраў, падкрэсліў М.Лазавік.

Ён таксама адзначыў, што каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне парламенцкіх выбараў 2008 года разлічваўся па той жа схеме, што і на папярэдніх выбарах у парламент. Павелічэнне сумы расходаў у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2004 года (каля 13 млрд. рублёў) звязана не з ростам артыкулаў расходаў, а з павышэннем базавай велічыні, патлумачыў М.Лазавік.

Нагадаем, што напярэдадні прадстаўнікі ЦВК назвалі найбольш аптымальную дату правядзення парламенцкіх выбараў - 12 кастрычніка 2008 года.

"БелаПАН"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі