Павел Свярдлоў: "Кожны чалавек у Беларусі цяпер журналіст"

Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар Еўрарадыё
Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар Еўрарадыё

Анлайн-платформа для СМІ Colab Medios Project, якая піша на іспанскай і рускай мовах, апублікавала інтэрв'ю з галоўным рэдактарам Еўрарадыё Паўлам Свярдловым. Павел расказаў, як выглядае медыя-рынак Беларусі, супраць якога ўлады краіны ўжо год вядуць сапраўдныя "дывановыя бамбаванні".

Тое, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія дванаццаць месяцаў, журналісты апісваюць пераважна вайсковымі тэрмінамі — "зачыстка", "дывановае бамбаванне" і да таго падобнае. 9 жніўня 2020 года Аляксандр Лукашэнка, які на той момант нязменна кіраваў Беларуссю 26 гадоў, правёў чарговыя выбары прэзідэнта і набраў, паводле афіцыйных звестак, больш за 80% галасоў. Зрэшты, ні беларусы, ні сусветная супольнасць не паверылі ў гэтыя фантастычныя лічбы. У час перадвыбарчай кампаніі былі арыштаваныя або выціснутыя за мяжу ўсе рэальныя сапернікі, а разам з імі — дзясяткі актывістаў, журналістаў, рэдактараў тэлеграм-каналаў, якія ў Беларусі фактычна гуляюць на роўных з медыя.

Павел Свердлов: “Каждый человек в Беларуси сейчас журналист”
Акцыя пратэсту ў Мінску 23 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

Абураныя фальсіфікацыямі, на вуліцы выйшлі сотні тысяч грамадзян 9-мільённай краіны. Пачаліся забастоўкі на найбуйнейшых прадпрыемствах (яны ў Беларусі ў асноўным дзяржаўныя). На мірны пратэст улады адказалі беспрэцэдэнтным нават па беларускіх мерках гвалтам. Паводле ацэнак Amnesty International, больш за 30 тысяч чалавек за гэтыя месяцы былі затрыманыя, збітыя, зазналі катаванні. Сёння ў краіне больш за 600 палітычных зняволеных, і журналісты — не выключэнне. Як кажа Беларуская асацыяцыя журналістаў, 33 супрацоўнікі СМІ ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі па ўжо звыклым спісе абвінавачанняў — ад эканамічных злачынстваў да здрады радзіме.

Усе чвэрць стагоддзя аўтарытарнага кіравання Аляксандра Лукашэнкі беларуская прэса жыла ва ўмовах жорсткай цэнзуры і ціску. Абвастрэнні здараліся ў сувязі з выбарамі ці нейкімі іншымі глабальнымі падзеямі. Напрыклад, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года былі і ператрусы, і масавыя арышты журналістаў і актывістаў. Але тое, што адбываецца цяпер, кажа Павел Свярдлоў, пераходзіць усякія межы, гэта "татальная зачыстка": "Калі мы гаворым, што, напэўна, усё, мы дасягнулі дна, знізу зноў стукаюць".

Павел Свердлов: “Каждый человек в Беларуси сейчас журналист”
Студыя Еўрарадыё да закрыцця карэспандэнцкага пункта ў Беларусі

Сілавыя органы праводзяць сапраўдныя спецаперацыі супраць журналістаў — так, каб затрымаць былога галоўнага рэдактара вядомага апазіцыйнага тэлеграм-канала (аўдыторыя — 2 млн) Рамана Пратасевіча, 23 траўня 2021 года беларускія ўлады прымусова пасадзілі самалёт Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву. А, напрыклад, 18 траўня быў здзейснены сапраўдны налёт на рэдакцыю анлайн-партала TUT.by, самага папулярнага ў краіне. Гэта быў не проста партал навін, а сапраўдны "беларускі Yahoo", якім штодня карысталіся звыш 3 млн чалавек — больш за 60% усіх, хто наогул карыстаецца інтэрнэтам у краіне. Сайт заблакаваны, 12 супрацоўнікаў выдання, уключаючы галоўнага рэдактара і галоўнага бухгалтара, знаходзяцца ў турме. У ліпені астатнія медыя і нацыянальнага і рэгіянальнага ўзроўню перажылі масавыя ператрусы і арышты: толькі 8 ліпеня сілавікі наведалі 30 офісаў рэдакцый і кватэр журналістаў.

У такой сітуацыі ў незалежных СМІ, мяркуе Павел, стратэгія выжывання толькі адна — уласна кажучы, выжыць. "Захаваць сябе, захаваць на свабодзе максімальную колькасць людзей, гарантаваць іх бяспеку, а гарантаваць бяспеку цяпер можна толькі перавёўшы людзей у нейкую іншую краіну. У Беларусі ніхто не можа нічога гарантаваць. Калі да цябе сілавікі не прыйшлі сёння, то прыйдуць заўтра. ​​Таму — рэлакацыя. І вядома, па максімуме трэба працягваць працаваць".

Само Еўрарадыё, магчыма, сутыкнулася з самым сур'ёзным выклікам за сваю гісторыю. Радыёстанцыя "Еўрапейскае радыё для Беларусі" з'явілася ў Варшаве восенню 2005 года і ў лютым 2006-га ўпершыню выйшла ў эфір. Еўрарадыё вяшчае на беларускай мове ў ФМ-дыяпазоне на Заходнюю Беларусь, праз спадарожнік — на астатнюю тэрыторыю краіны, але галоўнае — распаўсюджвае інфармацыю праз сайт і сацсеткі. У 2009 годзе ў радыёстанцыі адкрыўся карэспандэнцкі пункт у Мінску — ён праіснаваў 11 гадоў. У кастрычніку 2020 года журналісты, якія там працавалі, страцілі акрэдытацыі. А 5 ліпеня 2021 года беларускія ўлады закрылі і сам карпункт. Сайт Еўрарадыё да таго моманту ўжо быў заблакаваны на тэрыторыі краіны.

Усе 15 гадоў існавання дзвюх рэдакцый — у Польшчы і Беларусі — шмат у каго, успамінае Павел, былі сумневы ў гэтай мадэлі. "Нам казалі: навошта вам цэлы офіс у Варшаве? Але цяпер, калі вакол адбываецца проста "бамбёжка Варонежа", дывановыя затрыманні калег, — вядома, мы выкарыстоўваем магчымасці варшаўскай рэдакцыі. Дзякуючы таму, што яна ёсць, ні на гадзіну не перапынілася вытворчасць навін, эфіры, якія мы робім".

Супрацоўнікі Еўрарадыё перабіраюцца ў Польшчу, краіну Еўрасаюза, і ператвараюць варшаўскі офіс у асноўны. І працягваюць працаваць.

Павел Свердлов: “Каждый человек в Беларуси сейчас журналист”
Кастрычнік 2020 года. Назаўтра акрэдытацыі журналістаў Еўрарадыё ператворацца ў гарбуз

На лініі фронту

Пытанне ў тым, ці можна наогул гаварыць пра медыя-рынак у краіне, дзе частка журналістаў сядзіць у турме, частка з'ехала, а многія проста страцілі працу — бо незалежныя і папулярныя медыя грамяць адно за адным. Медыя-асяроддзе, мяркуе Павел Свярдлоў, як бы падзялілася на дзве няроўныя часткі. Захоўваецца велізарны сегмент так званай дзяржаўнай журналістыкі, і супрацоўнікі гэтых СМІ "маюць абсалютна няроўныя правы" з супрацоўнікамі незалежных медыя. Дзяржаўныя СМІ "працуюць разам з сілавікамі, гэта відавочна. Яны атрымліваюць ад сілавікоў запісы іх, сілавікоў, дзеянняў, у тым ліку ў рэдакцыях незалежных СМІ, відэа допытаў, гутарак з затрыманымі, з фігурантамі нейкіх спраў". Журналістам прадзяржаўных СМІ адкрыта дарога на палітычныя судовыя працэсы, тады як супрацоўнікам незалежных медыя кажуць, што праз пандэмію каранавіруса месцаў у зале ўжо не засталося — калі ласка, чакайце звонку. Нарэшце, лаяльныя журналісты могуць наведваць масавыя мерапрыемствы, некаторыя з іх былі заўважаныя на пратэставых акцыях пад аховай. Супрацоўніка ж незалежнага СМІ на акцыі пратэсту, хутчэй за ўсё, чакае затрыманне — і добра, калі толькі на перыяд, пакуль мерапрыемства будзе працягвацца.

Прычым, кажа Павел, гэта датычыцца не толькі маніфестацый, але і наогул месцаў, дзе што-небудзь адбываецца. 18 траўня 2021 года, калі сілавікі грамілі офіс TUT.by, побач апынуўся журналіст Еўрарадыё Арцём Маёраў. Ён убачыў, як сілавікі зацягнулі шкляныя дзверы офіса чорнай плёнкай, каб не было відаць, што адбываецца ўнутры. І зрабіў фота, якое тут жа расшарылі незалежныя тэлеграм-каналы (у тэрміналогіі беларускіх сілавых ведамстваў — "дэструктыўныя" і нават "экстрэмісцкія"). Арцёма хутка вылічылі і затрымалі. А потым асудзілі на 15 сутак арышту за тое, што нібыта аблаяў матам супрацоўніка міліцыі. А дэ-факта — менавіта за фота.

Але журналістыка, перакананы Павел, усюды знойдзе сабе дарогу, і журналісты, нягледзячы на пагрозу затрымання, усё роўна працягваюць працаваць. І тыя, якія з'язджаюць, — натуральна, таксама. Яны толькі злейшымі становяцца! Калі журналісты апынаюцца ў бяспецы, у іх, як выражаецца Павел, "адключаюцца нейкія засцерагальнікі". Тое, што яны не маглі сабе дазволіць гаварыць, знаходзячыся ўнутры Беларусі, яны пачынаюць смялей гаварыць звонку.

Павел Свердлов: “Каждый человек в Беларуси сейчас журналист”
Журналісты Еўрарадыё, затрыманыя ў час акцыі пратэсту, выходзяць на волю, лета 2020 года

Найважнейшую ролю ў медыя-асяроддзі байнэту адыгрываюць тэлеграм-каналы. У даследаванні Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі (ліквідаванага ў жніўні 2021 года) адзначаецца, што рэзкі рост гэтай платформы ў Беларусі пачаўся ў 2019 годзе за кошт грамадска-палітычных каналаў, але ў 2020-м, на хвалі пратэстаў, рост стаў выбуховым — яны сталі, як выражаецца Павел, "асноўным драйверам інфармацыі". Паводле ўскосных звестак, у сярэдзіне жніўня 2020 года ў месенджара ў Беларусі было 2,4 млн актыўных карыстальнікаў, гэта значыць дзесьці траціна ўсёй інтэрнэт-аўдыторыі краіны. Сярод гарадскога насельніцтва, паводле ацэнак даследчыкаў, доля перавышае 60%.

Сёння, разважае Павел Свярдлоў, беларускі медыя-рынак, па сутнасці, аддадзены на водкуп тэлеграм-каналам, рэдактары якіх ужо даўно знаходзяцца за мяжой. Для іх праца як на лініі фронту звыклая, а цяпер ім стала нават камфортней — бо "з рынку прыбралі больш талерантных канкурэнтаў у выглядзе медыя, якія кіруюцца прафесійнымі стандартамі, не даюць інфармацыі, не праверыўшы, сочаць за лексікай, больш стрыманыя ў ацэнках". Улады адно за адным выціскаюць такія медыя з Беларусі — іх сайты блакуюцца, а "люстэркі" (сайты-дублёры ў іншых даменных зонах) кантрольныя органы таксама адлоўліваюць і закрываюць. Людзям больш няма чаго чытаць, акрамя тэлеграм-каналаў. Вядома, прасунутыя карыстальнікі ўсталёўваюць VPN, гэта значыць прачытаць тыя самыя навіны Еўрарадыё беларускія карыстальнікі могуць. Але трэба крыху папрацаваць, ужо прыкласці хай нескладаныя, але намаганні.

Яшчэ адзін вынік знішчэння СМІ — выхад на першы план агрэгатараў навін, якія проста друкуюць усё запар, абсалютна хаатычна. І калі раней, напрыклад, папулярная ў рэгіёне пошукавая сістэма "Яндэкс" у пошукавай выдачы паказвала чытачам якасныя сайты незалежных СМІ, то цяпер іх месца ў рэкамендацыйных сэрвісах займаюць "смеццевыя" сайты, якія не заблакаваныя. Адпаведна, медыяпаток будзе менш кіраваным. І больш радыкальным за кошт тэлеграм-каналаў.

Нарэшце, велізарную перавагу атрымліваюць расійскія СМІ. Расійскі кантэнт і раней быў запатрабаваны ў двухмоўнай Беларусі (да 80% жыхароў краіны, па звестках сацыёлагаў, выкарыстоўваюць у побыце рускую мову). Як паказваюць даследаванні, 25% беларускай аўдыторыі наогул не чытаюць беларускія СМІ, а тэлеэфір запоўнены расійскім кантэнтам.

Павел Свердлов: “Каждый человек в Беларуси сейчас журналист”

Яшчэ адзін бок пытання — грошы. У беларускіх медыя і раней было не так шмат спосабаў зарабляць. Сёння ж медыя, якія былі пабудаваныя на рэкламнай мадэлі — напрыклад, TUT.by і "Наша Ніва", — не могуць існаваць у ранейшым выглядзе, а ствараць новы праект, набіраць наведвальнасць і рэкламадаўцаў доўга і складана. Каманда TUT.by, якая засталася на волі, напрыклад, адкрыла новы сайт, але і яго заблакавалі ў Беларусі праз пару гадзін.

Выхад — рэклама ў тэлеграме, лічыць Павел. У TUT.by там 530 тысяч падпісчыкаў, у "Нашай Нівы" каля 90 тысяч. Каманда Еўрарадыё пачала зарабляць — у ютубе. Раней беларускія карыстальнікі ў ютубе лічылі за лепшае глядзець якасны расійскі забаўляльны кантэнт, але цяпер павысіўся попыт на беларускую аналітыку, на інтэрв'ю з экспертамі — і такі кантэнт набірае дзясяткі тысяч праглядаў. "Адпаведна, цяпер мы можам зарабляць на ютубе 700-800 долараў у месяц абсалютна спакойна. І частку выдаткаў гэта пакрые".

Другая крыніца даходаў — данэйты. Тое самае Еўрарадыё, напрыклад, пачало працаваць на платформе "Патрэон" — за першы тыдзень яны сабралі першыя 500 долараў дабрачынных ахвяраванняў, "якія кожны месяц будзем атрымліваць, пакуль людзі ў нас вераць". Тут, на думку Паўла, вялікую ролю адыгрывае дыяспара: беларусы за мяжой укладваюць у незалежныя медыя для таго, каб яны маглі існаваць, каб журналісты маглі з'ехаць і ўладкавацца на новым месцы. Адна з такіх ініцыятыў — Медыя Салідарнасць, якая базуецца ў Польшчы і дапамагае і цэлым ньюсрумам, і журналістам — напрыклад, з аплатай штрафаў або пераездам у бяспечную краіну.

Ну і, натуральна, менш за ўсё ў гэтай сітуацыі пацярпелі тыя сродкі масавай інфармацыі, якія існуюць за кошт буйных замежных донараў. "Мне здаецца, што і самі донары зразумелі, што, на жаль, усё ж такі пакуль што ў гэтых умовах беларускага аўтарытарызму — ужо цяпер блізкіх да таталітарызму, на мой погляд, — такая донарская падтрымка — адзін з нямногіх спосабаў, каб незалежныя медыя працягвалі існаваць. Таму што рэкламадаўцы баяцца, а колькасць грошай у кішэнях у людзей не бясконцая. І ў выніку ўстойлівасць медыя ў сітуацыі можа быць дасягнутая толькі за кошт інстытуцыйнай донарскай падтрымкі".

Людзі зразумелі, навошта наогул патрэбная журналістыка

У маштабных палітычных крызісаў ёсць і іншы бок: людзі больш цікавяцца тым, што адбываецца ў краіне, і больш чытаюць навіны. Галоўны рэдактар Еўрарадыё пацвердзіў, што Беларусь — не выключэнне. Аўдыторыя СМІ за час пратэставых падзей вырасла ў некалькі разоў, аўдыторыя Еўрарадыё ў тэлеграме — у 8 разоў, у ютубе — у 5 разоў.

Але галоўнае — "аўдыторыя стала адчуваць сябе суб'ектам", — кажа Павел. "Мы сталі атрымліваць нашмат больш кантэнту ад карыстальнікаў. Карыстальнікі прапануюць і тэмы, і пытанні, і свае фота і відэа, самі інфармуюць, што нейкія падзеі адбываюцца, — калі, дапусцім, сілавікі прыходзяць у рэдакцыі да нашых калег, то людзі з суседніх офісаў пішуць нам, што гэта адбываецца".

Павел Свердлов: “Каждый человек в Беларуси сейчас журналист”
Журналістка TUT.by Алена Талкачова на акцыі прэсы каля будынка МУС 4 верасня 2020 года. З 18 траўня 2021 года Алена знаходзіцца ў СІЗА па "справе TUT.by"

"Кожны чалавек у Беларусі цяпер журналіст. Людзі зразумелі наогул у прынцыпе, што такое журналістыка і навошта яна патрэбная. Цяпер у масавай свядомасці журналістыка — гэта не расійскія забаўляльныя ток-шоу "Давай поженимся" і "Жди меня", а гэта рэальна тое, што нясе людзям праўду і інфармацыю, і людзі гэта цэняць. Калегі расказвалі, што раней ім вельмі цяжка было знайсці, напрыклад, аператараў у Беларусі, таму што гэта рызыка. А цяпер ледзь не чарга стаіць з ахвотных быць датычнымі да дастаўкі праўды людзям. Ну і мы ў прынцыпе таксама змаглі наняць некалькіх вельмі талковых журналістаў і практычна нікога не звольнілі, хоць, вядома, людзі разумеюць, што ёсць рызыка. Але ўсё-ткі свядома ідуць на яе".

З Паўлам Свярдловым гутарыла Наталля Маршалковіч

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі