Павел Севярынец: «Каяцца рэжым пакуль што не збіраецца»

Ва ўсю моц ідзе падрыхтоўка беларускай апазіцыі да вясновых палітычных мерапрыемстваў. Пасля доўгіх спрэчак Аб’яднанай кааліцыяй дэмакратычных сілаў было прынята рашэнне правесці паўнамаштабную палітычную акцыю 25 сакавіка. Але калі раней падтрымаць акцыю згаджаліся ўсе апазіцыйныя партыі, то зараз, напрыклад, Партыя камуністаў з-за праграмных рознагалоссяў адмовілася ўвайсці ў Арганізацыйны камітэт, хаця не забараняе ўдзел у акцыі сваім сябрам.

Старшыня ж Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што ў гэтым годзе да сакавіцкай акцыі трэба падыходзіць, улічваючы, у якім кантэксце Дзень Волі будзе адзначацца.

Вінцук Вячорка:
«Мы дамовіліся сканцэнтраваць нашыя намаганні на ўшанаванне даты 25 сакавіка, як Дня Незалежнасці Беларусі.

Сёлета мы хацелі б ушанаваць гэты дзень у новых для Беларусі ўнутры- і знешнепалітычных акалічнасцях.

Па-першае, быў 2006-ты год, і сакавік сапраўды стаў паваротным для ўсведамлення беларусаў.

Ён прадэманстраваў народу і свету нашу волю да таго, каб жыць у насамрэч свабоднай і еўрапейскай, беларускай Беларусі.

Сёлетні 25-га сакавіка — гэта напамін не толькі пра 1918-ты, але таксама і 2006 год: пра той вызначальны тыдзень паміж 19 і 25 сакавіка».

Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч лічыць будучае святкаванне Дня Волі асаблівым. Перш за ўсё з-за таго, што незалежнасць краіны па-ранейшаму пад пагрозай, як палітычная, так і эканамічная.

Аляксандр Мілінкевіч: «Мы павінны на плошчы абавязкова сказаць, што дэмакратычныя сілы Беларусі цвёрда стаяць на пазіцыях незалежнасці.

Мы павінны патрабаваць ад сённяшняй улады, каб яна сапраўды пачала разбураць кітайскі мур паміж намі і Еўразвязам, які яна ж і збудавала.

Для нас вельмі важна аднаўляць супрацоўніцтва з Еўропай. Гэта вялікія магчымасці ў эканоміцы, гэта гарантыя бяспекі і незалежнасці.

Сярод нас няма антырасійскіх палітыкаў і мы хочам будаваць з Расіяй добрасуседскія адносіны.

Але для нас вельмі важна, каб у Расіі паважалі нашае права жыць у сувярэннай дзяржаве. Улада мае апошні шанец пачаць рэфармаванне краіны.

На маю думку свята павінна святкавацца выключна на плошчы Каліноўскага. Гэта прынцыпова, гэта маральна. Калі мы пойдзем у іншае месца — мы здрадзім самі сабе».

На апошнім паседжанні Арганізацыйнага камітэта па святкаванні Дня Волі былі зацверджаныя тры звароты.

Першы — да прэзідэнта Беларусі, дзе шэраг партый і арганізацый просяць асабістага дазвола Аляксандра Лукашэнкі на правядзенне шэсця, мітынга і святочнага канцэрта ў цэнтры Мінска.

Дарэчы, арганізатары запрасілі і самога кіраўніка дзяржавы ўзяць удзел у дэманстрацыі. Другі зварот скіраваны да народу Беларусі, у якім Аргкамітэт заклікае ўсіх людзей, якіх хвалюе лёс краіны, выйсці на Кастрычніцкую плошчу — пляц Каліноўскага — і запатрабаваць ад Лукашэнкі тэрмінова выканаць умовы Еўрапейскага Саюзу.

Трэці — да сусветнага грамадства. Такім чынам можна заўважыць, што апазіцыйныя сілы спрабуюць знайсці паразуменне з уладамі.

Паказальнымі тут будуць падзеі, якія адбыліся ў Мінску 4 лютага. Расказвае спадар Вячорка:

«Пад час паседжання Цэнтральнай Рады Маладога Фронту было затрымана 27 чалавек. Аперацыя праводзілася СПЕЦНАЗам. На шчасце, большасць з іх была выпушчана».

Дарэчы, пакуль актывісты незарэгістраванай арганізацыі бавілі час на допытах у Савецкім РАУСе, на кватэрах 6-ці з іх былі праведзены ператрусы.

Менавіта такім чынам улада адказвае на спробу апазіцыйных сілаў наладзіць канструктыўны дыялог. Апошнія ж некалькі месяцаў мы толькі і чуем ад афіцыйных асобаў заявы пра разварот у бок Еўропы, пра лібералізацыю і дэмакратызацыю.

Ці мэтазгодна ўвогуле з боку дэмакратычнай апазіцыіі звяртацца да існуючай улады з адкрытымі лістамі, разважае былы лідар Маладога фронту, палітвязень Павел Севярынец:

«Я веру, што злачынца можа стаць праведнікам, але толькі пры адной умове — пакаянне. Калі яно будзе за 13 гадоў прыніжэння беларускай нацыі, за знішчэнне беларускага народу шляхам алкагалізму і эканамічнай палітыкі, я паверу ў добрыя намеры рэжыму Лукашэнкі.

У іншым выпадку — гэта толькі гульня, якая вядзе да падману еўрапейцаў і беларускага народа. Таму затрыманне кіраўніцтва Маладога Фронту — гэта яскравае сведчанне таго, што каяцца рэжым пакуль што не збіраецца».

photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі