Вы тут

Паўла Севярынца будуць судзіць у Магілёве

Павел Севярынец / З архіву Еўрарадыё

Паўла Севярынца будуць судзіць у Магілёве. Пра гэта паведаміла ў Facebook яго жонка Вольга Севярынец. "Яго справу перадалі ў Магілёўскі абласны суд", — піша яна.

"Відаць, проста, каб родным і сябрам жыццё ўскладніць, каб ездзілі, хваляваліся, каб было менш падтрымкі", — так мяркуе пра месца правядзення суда Вольга Севярынец. Суд мусіць быць прызначаны на працягу месяца.

Вольга дадае, што Павел "трымаецца нармальна, кажа, што ў справе поўнае беззаконне і што ад яго тут нічога не залежыць, таму стараецца не марнаваць час і больш працаваць". Сама яна з трохгадовым сынам Францішкам трапіла ў бальніцу з пнеўманіяй.

Апазіцыйны палітык і пісьменнік Павел Севярынец за кратамі з пачатку лета 2020 года. Яго затрымалі 7 чэрвеня і спачатку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле на 15 сутак арышту. Пасля яму дадалі новых сутак, а з часам выставілі абвінавачанне па крымінальным артыкуле — удзел у "масавых беспарадках". Севярынец прызнаны палітвязнем.

Як дадае nn.by, там жа у Магілёве будуць судзіць палітвязняў Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыну Шчасную.

Вольга і Францішак Севярынцы / facebook.com/vola.sieviaryniec

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.