Пастар “Новага жыцця” ідзе на папраўку пасля інсульту

Паводле інфармацыі БелаПАН, святар актыўна аднаўляецца пасля перанесенай хваробы і нават выходзіць на невялікія прагулкі. У яго аднавіліся рухальныя функцыі і працягвае аднаўляцца маўленне.



Цягам апошніх двух тыдняў, пачынаючы з 13 чэрвеня, царква “Новае жыццё” была ў бесперапынных малітвах аб выздараўленні пастара Вячаслава Ганчарэнкі. Вернікі збіраліся разам па вечарах у будынку царквы, у астатні час маліліся дома самі і ў хатніх групах. Такі своеасабліва малітоўны марафон не перарываўся нават уначы.





13 чэрвеня Ганчарэнка трапіў у лякарню з дыягназам “ішэмічны інсульт”. Апроч таго, быў знойдзены тромб у сасудзе галаўнога мозгу ў недаступным для аперацыі месцы. У крытычным стане пастар знаходзіўся суткі, а затым яго стан стабілізаваўся.





Паводле словаў юрыста царквы Сяргея Луканіна, лекары кажуць, што з такім хуткім аднаўленнем пасля хваробы сутыкаюцца ўпершыню.





Хвароба пастара Ганчарэнкі супала па часе з новымі маёмаснымі прэтэнзіямі ўладаў да царквы “Новае жыццё”. 13 чэрвеня прыйшла судовая пастанова аб пачатку выканальніцкай вытворчасці ў дачыненні царквы, прынятая на падставе заявы ўласніка будынка — ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы. Пастанова прадпісвала вернікам вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72 у Мінску за тыдзень.





Аднак ужо на наступны дзень юрыст царквы атрымаў дакумент, дзе сказана, што выканальніцкую вытворчасць прыпынілі на шэсць месяцаў.



 

Гарвыканкам ужо 8 гадоў спрабуе выселіць царкву з будынку, які яна ўзвяла на месцы разбуранага кароўніка.