Пасол Швецыі: Нацыі, якія гуляюць у хакей, ужо маюць нешта агульнае!

Пасол Швецыі: Нацыі, якія гуляюць у хакей, ужо маюць нешта агульнае!

Новы пасол Швецыі Крысціна Юханесан працуе ў Беларусі з 4 верасня. Што за гэты час яна паспела даведацца пра нашу краіну? Ці можна казаць, што нашы дзяржавы пакінулі ў гісторыі дыпламатычны крызіс пяцігадовай даўніны? Чаго хоча дасягнуць за час працы ў нашай краіне?

На гэтыя і іншыя пытанні Крысціна Юханесан адказала ў жывым эфіры Еўрарадыё.

 

“Мінск атрымлівае шмат станоўчых водгукаў замежных архітэктараў”

У беларусаў і шведаў шмат агульнага: па ментальнасці мы вельмі падобныя. Мы спакойныя людзі, па-сяброўску ставімся да ўсіх, падзяляем любоў да прыроды. Урэшце, мы гуляем у хакей! А я лічу, што краіны, нацыі, якія гуляюць у хакей, ужо маюць нешта агульнае. З маіх слоў відавочна, што я вельмі люблю хакей, ужо паспела наведаць адзін хакейны матч і вельмі ўзрадавалася, што ў вашай камандзе “Дынама-Мінск” брамнік — швед Юнас Энрат. Мы ў пасольстве ўжо прынялі рашэнне, што ўсынавім нашага земляка ўсім калектывам. Праўда, пакуль мы з Юнасам яшчэ не сустракаліся, бо каманда пастаянна ў паездках.

Мая любоў да архітэктуры асабліва яскрава выявілася падчас маёй працы ў Санкт-Пецярбургу. Гэта ўнікальны горад па архітэктуры. Мінск — зусім іншы. Гэта горад, які быў практычна цалкам знішчаны падчас вайны, і яго давялося аднаўляць. І калі ў Санкт-Пецярбургу я цікавілася найперш архітэктурнымі помнікамі, то тут — больш сучаснай архітэктурай. Дарэчы, Мінск атрымлівае шмат станоўчых водгукаў замежных архітэктараў. Мне падабаецца, як ствараецца сучасны выгляд горада і як аднавілі яго старыя часткі. Мінск — цікавы па архітэктуры горад.

Пра дыпламатычны канфлікт 2012 года і сённяшнія адносіны паміж Швецыяй і Беларуссю

Мы, і беларускі, і шведскі бок, даволі хутка выйшлі з гэтага крызісу (у 2012 годзе паслы Беларусі і Швецыі былі адкліканыя на радзіму і толькі ў 2015 годзе ў шведскую амбасаду вярнулі надзвычайнага і паўнамоцнага пасла). І сёння я як пасол пытаннем таго інцыдэнту не займаюся — мы глядзім у будучыню. Гэтак жа, як і беларускі бок. І сёння ўзаемаадносіны паміж Швецыяй і Беларуссю я назвала б адкрытымі, добрымі, сумленнымі. Хоць і дагэтуль застаюцца пытанні, па якіх пазіцыі нашых краін не супадаюць. Швецыя заўжды, і ў Беларусі, і ў іншых краінах свету, ясна выказвае сваю пазіцыю. Правы чалавека, дэмакратыя — гэта адзін з трох прыярытэтных кірункаў для супрацоўніцтва Швецыі з Беларуссю. Другі кірунак — збліжэнне з Еўрасаюзам. Трэці — навакольнае асяроддзе. У стасунках з вашай краінай для нас галоўнае, каб быў дыялог. І тут мы цалкам падпісваемся пад палітыкай Еўрасаюза, які таксама лічыць пералічаныя пытанні прыярытэтнымі.

За час сваёй працы ў Беларусі я хацела б дамагчыся пашырэння адносінаў паміж нашымі краінамі. Для гэтага мы шмат працуем, да прыкладу, у галіне культуры, той жа дзіцячай культуры. Плануем паездкі па рэгіёнах вашай краіны.

Пра Усходняе партнёрства, будучыню яго і ЕС і запрашэнне Лукашэнкі на саміт у Брусель

Праграма “Усходняе партнёрства” ні ў якім разе не вычарпала сябе — яна ўсё яшчэ вельмі важная. На сёння гэта найлепшы для Еўрасаюза фармат падтрымання кантактаў з краінамі ў гэтым рэгіёне. Калі сёння гэта ініцыятыва і губляе ў хуткасці, то прычыны трэба, сярод іншага, шукаць і ў шматлікіх крызісах, якія перажывае апошнім часам Еўрасаюз. Апошнія 4 гады я працавала ў Бруселі і бачыла гэтыя крызісы знутры: міграцыйны крызіс, пытанне Вялікабрытаніі, фінансавы крызіс… Шмат якія прычыны прымусілі ЕС больш працаваць на ўнутраным полі, чым выходзіць за межы ЕС. Тым не менш мы з цікавасцю чакаем саміту, які пройдзе ў Бруселі ў лістападзе, бо лічым, што цяпер добры момант, каб пашырыць павестку гэтага партнёрства.

Я сама прадстаўляю краіну, якая адпачатку вельмі скептычна паставілася да самой ідэі стварэння Еўрасаюза. Але сёння пераважная большасць шведаў лічаць, што мы павінныя быць у ЕС. І я ўпэўненая, Еўрасаюз ніколі не разваліцца. Так, за апошнія гады працэсы яго пашырэння запаволіліся — больш увагі надзяляецца ўнутраным пытанням. Але Швецыя і сёння лічыць, што ў Еўрасаюзе ёсць месца для новых краін.

Што праўда, ад саміту ў Бруселі ніякіх сюрпрызаў чакаць не варта. І, магчыма, гэта добра. Бо гэтая ініцыятыва павінная быць прадказальнай для ўсіх яе ўдзельнікаў. Асабіста я як прадстаўнік Швецыі спадзяюся, што на саміт прыедуць кіраўнікі ўсіх 34 краін (28 краін ЕС і 6 краін-удзельніц ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, у тым ліку і Беларусь), якія атрымаюць запрашэнне. Нам трэба ўсім сабрацца і весці дыялог: пра тое, што нас збліжае, і пра тое, што нас раз’ядноўвае.

Пра “шведскія” візы і беларускую мову

Сёння атрымаць візу ў Швецыю грамадзяне могуць у пасольстве Эстоніі. Пакуль тэндэнцыя такая, што мы аддаём усе візавыя пытанні для вырашэння ў візавыя цэнтры альбо іншым пасольствам. І такая сітуацыя не толькі ў Беларусі. Сказаць, ці будзем мы самі займацца ў будучыні візавымі пытаннямі, я не магу.

На пытанне, калі я вывучу беларускую мову так, як гэта некалі зрабіў пасол Швецыі Стэфан Эрыксан, мой адказ кароткі — ніколі. Стэфана Эрыксана я ведаю даўно і ведаю, што ён не толькі па-беларуску, але і па-руску гаворыць бездакорна. Не здзіўлюся, калі гэтак жа бездакорна ён гаворыць па-французку, па-англійску і на іншых мовах. У яго надзвычайны талент. У мяне так не атрымаецца ніколі. Магу толькі пастарацца, што я цяпер і раблю, але поспех не гарантаваны. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі