Вы тут

Пасол Германіі ва Украіне: "Паўночны паток — 2" не запрацуе да чэрвеня 2022 года

"Паўночны паток — 2" / Reuters

Газаправод "Паўночны паток — 2" не будзе працаваць яшчэ як мінімум паўгода, паведаміла ў інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" пасол Германіі ва Украіне Анка Фельдхузен.

Як патлумачыла Фельдхузен, нямецкі федэральны рэгулятар перанёс на пазнейшы тэрмін  сертыфікацыю газаправода як незалежнага аператара па транспартаванні газу. Гэта рашэнне прадыктаванае неабходнасцю правесці анбандлінг "Паўночнага патоку — 2" , гэта значыць працэдуру добраахвотнага падзелу кампаніі на некалькі самастойных структур. Пры гэтым Расія ведае пра гэтую працэдуру і разумее яе неабходнасць, адзначыла пасол.

Яна таксама запэўніла, што, калі Расія будзе выкарыстоўваць газ у якасці палітычнай зброі, Германія прыме адпаведныя меры.

Працэдурай анбандлінгу зоймецца нямецкае Федэральнае сеткавае агенцтва (Bundesnetzagentur).

Як паведамляла Еўрарадыё, паводле разлікаў МВФ, даходы Украіны ад транзіту газу скароцяцца прыкладна на 1,2 мільярда долараў у год пасля таго, як пачне працу газаправод "Паўночны паток — 2". Цяперашні кантракт расійскага "Газпрома" з украінскім "Нафтагазам" заканчваецца ў 2024 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.