Вы тут

Пасля Жаночага маршу дзве доктаркі РНПЦ дзіцячай анкалогіі атрымалі па 11 сутак

.

“Яны павінны займацца лячэннем дзяцей, а не сядзець у камерах", — абураецца Алег — брат Ангеліны Адамоніс, цытагенетыка з РНПЦ дзіцячай анкалогіі [Цытагенетыкі — гэта спецыялісты ў галіне спадчынных захворванняў і паталогій, якія вывучаюць храмасомы ва ўзоры тканак пацыента або ўзоры вадкасці. — Еўрарадыё]. 12 верасня дзяўчыну разам з калегай — 22-гадовай Валянцінай Харытонавай — затрымалі на жаночым маршы, а пазней кожнай далі па 11 сутак арышту.

— Іх затрымалі ў самым пачатку маршу. Яны падышлі ў раён станцыі метро "Грушаўка" каля 15:00 — і ўжо праз 15 хвілін апынуліся ў аўтазаку. Дзяўчат хутка акружылі сілавікі і сталі "выдзіраць". Ангеліна кажа, што затрыманне было жорсткім, але ў аўтазаку нікога не білі, — распавядае Еўрарадыё Алег Адамоніс.

Пасля затрымання Ангеліна і Валянціна правялі двое сутак у мінскім следчым ізалятары на завулку Акрэсціна.

— У ІЧУ на Акрэсціна я размаўляла з Ангелінай і яшчэ адной дзяўчынай з цэнтра анкалогіі (не памятаю імя). Яны смяяліся і быццам былі гатовыя да таго, што могуць атрымаць суткі. Так і атрымалася, — распавядае дзяўчына на ФБ-старонцы ў вядомага расійскага анкагематолага Міхаіла Масчана, які з болем піша пра затрыманні беларускіх урачоў.

Ангеліна Адамоніc / vk.com

— Маё дзіця зараз праходзіць лячэнне ў гэтым цэнтры. Чым мы рэальна можам дапамагчы затрыманым? — дадае яшчэ адна чытачка Масчана.

14 верасня дзяўчат судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Іх пакаралі адзінаццаццю суткамі адміністрацыйнага арышту, а пасля суда перавезлі з Мінска ў ізалятар у Жодзіна.

— Ангеліна падпісала пратакол. Валянціна не падпісала. Выклікала адваката. Але абедзвюм далі па 11 сутак. Я падаў скаргу на перагляд прысуду праз адваката, папрасіў, каб у РНПЦ напісалі ад імя дырэктара хадайніцтва, што дзяўчаты працуюць у цэнтры — адзіным такім у краіне, — дадае Алег. 

Ангеліна і Валянціна павінны выйсці з ізалятара 23 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.