Пасля скарачэння чыноўнікаў дзяржапарат зноў набірае людзей

На сайце Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі дзве вакансіі. У апарат патрэбны кансультант аддзела метадалогіі эканамічных працэсаў ды коштаўтварэння з заробкам у 4,8 мільёна, а таксама начальнік аддзела па эксплуатацыі жыллёвага фонду, арганізацыі і правядзенні жыллёвай рэформы з заробкам ў 6,1 мільёна. Абодвум спецыялістам прапаноўваюць прэмію.

“Перастаньце мне тэлефанаваць і задаваць дурныя пытанні! Калі ў вас ёсць спецыяліст, прапаноўвайце”, — раздражняюцца ў аддзеле кадраў міністэрства, хоць самі ж набіраюць людзей камунікабельных.

Пяць вакансій ёсць і ў Мінэканомікі. Кандыдатам прапаноўваюць запоўніць анкету, дзе трэба адказаць на шэраг пытанняў, кшталту “чым займаецца Міністэрства эканомікі?”, “у эканоміцы маёй краіны я хацеў бы змяніць наступнае”.

Аддзел кадраў Мінэканомікі адзначае цікавасць да вакансій з боку прэтэндэнтаў.

“Мы працягнулі прыём дакументаў ў новы Цэнтр дзяржаўна-прыватнага партнёрства (цэнтр пачне працаваць у сакавіку. — заўв. Еўрарадыё), бо на вядучых спецыялістаў падало дакументаў трохі меней, чым нам хацелася б. На вакансіі адгукнулася болей за паўсотні людзей. І можна сказаць, што гэтыя людзі маюць дастатковыя веды, каб адпавядаць нашым патрабаванням, з іх можна выбраць”, — распавядаюць у аддзеле кадраў Мінэканомікі.

Ажно восем работнікаў трэба ў Мінаблвыканкам, дзясяткі вольных месцаў чакаюць і па іншых абласцях. Упраўленне кадраў ніякіх каментарыяў, як водзіцца, не дае, але просяць даць рэкламу:

“Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі — вельмі спецыфічны. На жаль, на пасаду начальніка гэтага аддзела амаль ніводнага не было тэлефанавання. Таму калі вы прарэкламуеце, мы будзем удзячныя. Патрэбен чалавек з досведам працы і каб яго задавальняў заробак”, — уздыхаюць ва ўпраўленні кадраў Мінаблвыканкама. Цягам размовы раяць паглядзець і іншыя сайты аблвыканкамаў — там таксама ёсць вакансіі, і тлумачаць, што “чыноўнікі не рабы, каб быць прывязанымі да аднаго месца, і калі звальняюцца, значыцца знайшлі сабе больш прыбытковую працу”.

У Гроднааблвыканкаме таксама скардзяцца на невысокі заробак.

“Ну, нам колькі ні дай, усё мала. Вось нас скарацілі на 30%, на столькі ж паднялі заробкі. Калі малады спецыяліст атрымоўваў каля трох мільёнаў, цяпер каля чатырох. Але дзесяць гадоў адпрацаваў — ужо надбаўка!” — распавядаюць у Гроднааблвыканкаме.

Расказваюць, што ёсць вакансія ў камітэтах і эканомікі, і сельскай гаспадаркі, і антыманапольнай палітыкі.

“Хто пайшоў на пенсію, хто на павышэнне, хто перавёўся ў іншы раён, таму з’яўляюцца вакансіі. Але 5-6 вакансій — гэта не крытычна”.

З дзясятак вакансій прапаноўвае і Нацбанк. У прэс-службе тлумачаць, што сітуацыя не крытычная і ніяк не надзвычайная.

“Гэта абсалютна нармальная сітуацыя, людзі сыходзяць на пенсію, у тым ліку і ў камерцыйныя банкі, але нельга сказаць, што гэта носіць павальны характар. Зразумела, людзі цікавяцца працай. У Нацыянальным банку працуе вельмі моцны калектыў, працаваць ў Нацбанку — прэстыжна. І студэнты цікавяцца, яны супрацоўнічаюць яшчэ падчас вучобы і атрымліваюць стыпендыю. Многа таленавітых студэнтаў. Да таго ж праца ў Нацбанку — добры старт кар’еры”.

Нагадаем, пад час аптымізацыі чыноўнікаў скарацілі каля 25% дзяржапарату, у тым ліку вакансій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі